Не губляць сувязь з мінулым

Из нашей почты Новости

 

У Вераб’евіцкім дзіцячым садзе–базавай школе завяршыўся Тыдзень музеяў, аб’яўлены Гродзенскім абласным цэнтрам турызму і краязнаўства.

З першых дзён стала зразумела, што мерапрыествы выклікалі цікавасць не толькі вучняў, але і іх бацькоў. Напрыклад, аргамітэт музея за некалькі дзён атрымаў больш за сто фотаздымкаў для фотафыстаўкі «Мая вёска сёння». Асаблівую актыўнасць у гэтым праявілі бацькі, якія пажадалі пакінуць для гісторыі сучасныя краявіды сваіх вёсак. Выстаўка папаўнялася на працягу ўсяго тыдня. Таксама сярод бацькоў атрамала папулярнасць штодзённая акцыя «Музей у падарунак маме», падчас якой вучні запрашалі сваіх мам, бабуль у школьны музей і знаёмілі з яго экспазіцыяй. Такая актыўнасць і супрацоўніцтва падаюцца асабліва важнымі для папулярызацыі школьнага музея сярод насельніцтва.

На працягу тыдня дзейнічала часовая экспазіцыя «Гісторыя адукацыі ў краі», на якой былі прадэманстраваны экспанаты, што тычацца гісторыі адукацыі ХІХ–ХХ стст.: ад кнігі Фламарыёна «Атмасфера» ХІХ ст., падручнікаў пачатку ХХ ст., польскіх падручнікаў 1920–1930-х гг. да дакументаў і школьных рэчаў другой паловы ХХ ст.

Пачаўся тыдзень з інтэрактыўнага падарожжа вучняў малодшых класаў «Назвы вёсак у легендах, паданнях і навуковай літаратуры». Найбольш актыўнымі ў гэтай незвычайнай вандроўцы аказаліся Маргарыта Гнілякевіч, Максім Разанаў, Дар’я Радзецкая, Матвей Кучук. Наступны дзень прайшоў не менш цікава і пазнавальна. Хлопчыкі і дзяўчынкі 5–6 класаў наведалі ў школьным музеі майстар-клас «Прадметы быту канца ХІХ–пачатку ХХ стагоддзяў у дзеянні». Вучні не толькі пазнаёміліся з прадметамі быту, прыстасаваннямі і інструментамі гэтага перыяду, але і паспрабавалі іх у дзеянні. Дзеці паспрабавалі нашчапаць лучыны спецыяльнай сякеркай, паважыць заплечнік старадаўнім бязменам, папрасаваць  бялізну рубелем, падрыхтаваць да працы керасінавую лямпу. А вось прымераць андарак прышлося па душы ўсім модніцам-дзяўчынкам.

Дэбютным выступленнем для нашых пачынаючых экскурсаводаў Алесі Крылавец і Яўгеніі Гнілякевіч стала мабільная экскурсія «Музей у кашальку». Дзяўчынкі праз калекцыю сабраных у кашальку грошай нагадалі вучням 5–8-х класаў пяць стагоддзяў беларускай гісторыі.

Наступнае мерапрыемства сабрала ў музеі за круглым сталом вучняў 9-га класа. Разам з настаўнікам гісторыі Дз. Б. Марозам юнакі і дзяўчаты паразважалі над тэмай «Праявы палітыкі нацыстаў на нашай тэрыторыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны» і прыйшлі да высновы, што нельга дапусціць, каб такое паўтарылася.

Завяршыўся тыдзень квэст-экскурсіяй «Постаці роднага краю». Зборныя каманды 7-га і 8-га класаў, каб атрымаць важную інфармацыю пра сваіх землякоў Ф. Еўлашоўскага, У. Дыбоўскага, генерала Дж. О’Рурка, Я. Булгака і іншых, пераадольвалі перашкоды ў выглядзе выканання заданняў на веданне гісторыі сваёй мясцовасці па раздзелах экспазіцыі школьнага музея.

Музейны пакой, а з 2007 года школьны музей мае багаты асноўны фонд экспанатаў (больш за 800), што дазваляе праводзіць цікавыя, напоўненыя мясцовым краязнаўчым матэрыялам мерапрыемствы. Можа, таму яны заўсёды выклікаюць актыўную зацікаўленасць і ўносяць важны ўклад у выхаванні пачуцця любові, павагі і гонару да сваёй малой радзімы.

Ларыса Яўгенаўна МАРОЗ,

кіраўнік школьнага музея.

Навагрудскі раён,

Вераб’евіцкі дзіцячы сад–базавая школа.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *