Усё далей сыходзіць вайна, і людзей, якія памятаюць пра гэтыя падзеі, амаль не застаецца. А помнікі і магілы засталіся і застануцца, і з’яўляюцца памяццю для нас, падрастаючага пакалення. Нездарма кажуць, што чалавек памірае двойчы: фізічная смерць не азначае смерці духоўнай, чалавек канчаткова памірае, калі на зямлі памірае памяць аб ім.
Мы, вучні Пескаўскай школы, помнім пра кожнага, хто аддаў сваё жыццё за нас, за мірнае неба. Члены валанцёрскага атрада «Рука дапамогі» прынялі ўдзел у акцыі «Памяць пакаленняў». Кожны вучань нашай школы ведае, што на франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў партызанскіх атрадах змагаўся 61 жыхар вёскі Пескі. Сярод іх былі і тыя, хто ў пасляваенны час працаваў на ніве асветы. Доўгія гады да выхаду на заслужаны адпачынак дырэктарам Пескаўскай школы быў Аляксей Мікалаевіч Шылаў, франтавік, удзельнік Сталінградскай бітвы. Яго жонка, Алена Глебаўна Шылава, працавала настаўніцай пачатковых класаў. Таксама ў пачатковых класах выкладала Вольга Сцяпанаўна Даніловіч, партызанка. Іх ўжо даўно няма сярод нас, пахаваныя яны на праваслаўных могілках.
Так здарылася, што далёка жывуць родныя, якія маглі б даглядаць гэтыя магілы, не могуць яны часта прыязджаць. Але ёсць мы – неабыякавыя людзі. Мы захоўваем памяць аб тых, хто абараняў нашу краіну і падарыў сучаснаму пакаленню мір. У цудоўны восеньскі дзень мы пайшлі на могілкі, ачысцілі пліты і прылеглую тэрыторыю ад смецця, вырвалі пустазелле, вынеслі сухое лісце. Навялі парадак і каля магілы сям’і Красько-Рудзяк, расстралянай нямецка-фашысцкімі акупантамі ў 1943 годзе.
Запалілі лампады, прынеслі кветкі і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць пра іх. Моўчкі стаялі і думалі аб тым, што яны жылі на гэтай жа зямлі, глядзелі ў гэтае ж неба, любілі гэтыя ж краявіды роднага краю, што і мы. Штогод даглядаем гэтыя магілы і будзем даглядаць далей, а потым перададзім вахту памяці наступнаму пакаленню. Гэтую вахту нам перадалі нашы бацькі.Гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым! Пакуль жывая памяць – жывыя і мы!
Хачу звярнуцца да ўсіх людзей: «Шануйце тое, што маеце, беражыце сябе і блізкіх, з удзячнасцю і цеплынёй душы ўспамінайце подзвігі нашых герояў, з любоўю і радасцю сустракайце кожны свой дзень».
Валерыя КРАСЬКО,
член валанцёрскага атрада «Рука дапамогі».
Мастоўскі раён,
Пескаўскі дзіцячы сад–сярэдняя школа,
7-ы клас.