Фізіка з’ўляецца цікавай і адначасова з гэтым досыць складанай навукай. Толькі пастаянныя намаганні ў вывучэнні гэтай навукі дазволяць дзецям глыбока разумець змест і сэнс законаў, па якіх развіваецца наш свет. Вывучэнне фізікі – гэта, увогуле, бясконцы працэс, які можна параўнаць з рухам па лесвіцы заўсёды ўверх. Пытанне «чаму?» – галоўнае пытанне ў фізіцы. Менавіта тыя, каго яно турбуе ўсё жыццё, і становяцца фізікамі.
Пасля ўрокаў у чарговы раз я запрасіў дзяцей у захапляльны шлях па даследаванню простых з’яў навакольнага свету метадамі фізічнай навукі, арганізаваўшы інтэлектуальны марафон «Фізіка ў пытаннях і эксперыментах». «Ці існуюць аднолькавыя сняжынкі?», «Чаму птушка, якая сядзіць на провадзе высокага напружання, не гіне ад удара токам?», «Як выжыць у ліфце, які падае?», «Дзе ў Сонечнай сістэме знаходзяцца самыя вялікія запасы вады?», «Навошта машыніст цягніка здае назад перад тым, як крануцца?», «Чаму дрыжаць людзі і жывёлы, калі замярзаюць?», «Чаму цяжка хлопаць у далоні пад вадой?» – на гэтыя і іншыя пытанні з вялікім задавальненнем навучэнцы шукалі адказы.
Вельмі спадабаўся вучням конкурс «Казка становіцца быллю», у якім кожная каманда павінна была адказаць на пытанне, які аналаг у сучасным жыцці мы можам знайсці казачным персанажам і рэчам. Вучням прапаноўвалася адшукаць як мага больш вымяральных прыбораў, якія сканчаюцца на «метр», і паказаць, што імі вымяраюць. Удзельнікі каманды павінны былі па падсказках вызначыць імя і прозвішча навукоўца. Цікава прайшоў конкурс «Ці верыце вы?». Спадабалася дзецям рашаць кароткія лагічныя задачы, але найбольшую цікавасць выклікалі ў вучняў займальныя вопыты і эксперыменты, дзе яны мелі магчымасць у больш нагляднай форме ўбачыць, запомніць і, самае галоўнае, зразумець сутнасць фізічных законаў і прынцыпаў.
Інтэлектуальны марафон прайшоў вельмі цікава. Галоўнае, што на мерапрыемстве навучэнцы мелі магчымасць пераканацца, што фізіка пастаянна прысутнічае ў нашым паўсядзённым жыцці і мае вялікае практычнае значэнне. Хачу звярнуцца да ўсіх зацікаўленых дзяцей: «Назірайце штодзённа за тым, што адбываецца вакол вас, думайце, як і чаму яно адбываецца менавіта так. Старайцеся высветліць, што з’яўляецца прычынай, а што следствам, вучыцеся не проста глядзець, а бачыць, таму што чалавек глядзіць вачыма, але бачыць ён розумам, прычым вельмі часта розум бачыць тое, што вачам недаступна. Развівайце ў сабе гэтую здольнасць, і тады цалкам магчыма, што хто-небудзь з вас убачыць тое, на што іншыя толькі глядзелі, і зробіць адкрыццё, чаго ад усёй душы хочацца вам пажадаць!».
Аляксандр Юльянавіч ГАЛАВЕНКА,
настаўнік фізікі.
г. Масты, гімназія № 1.