Дзеці і вайна – гэта два паняцці, якія вельмі складана ўявіць звязанымі паміж сабой. Дзецям вайны вельмі рана прыйшлося стаць дарослымі. За імі ніхто не прыглядаў, з імі ніхто не няньчыўся і не выконваў іх капрызы. Іх бацькі альбо ваявалі, альбо працавалі з раніцы да вечара, а некаторых ужо і не было.
Пакаленню, якое нарадзілася далёка пасля вайны, вельмі складана ўявіць усё тое, што прыйшлося перажыць дзецям. Але сувязь пакаленняў моцная. Мы, члены валанцёрскага атрада «Рука дапамогі», наведалі Марыю Філіпаўну Дзябёлую, якая жыве ў нашым аграгарадку Пескі. У гэты дзень у нас была яшчэ адна магчымасць вывучаць гісторыю краіны не па падручніках і каментарах у Інтарнэце, а па расказах сведак тых далёкіх трагічных і гераічных падзей – са слязамі, з горыччу, з болем. Калі слухала аповед Марыі Філіпаўны, думала аб тым, што чалавечая памяць падобна на адчувальную фотастужку. Часам светлыя і яркія імгненні паступова сціраюцца, а вось тое, што хацелася б сцерці з памяці, забыць, як страшны сон, вяртаецца зноў і зноў. Успаміны Марыі Філіпаўны аб тых суровых выпрабаваннях, што выпалі на яе долю, напоўнены хваляваннем і слязьмі.
Нарадзілася Марыя Філіпаўна ў вёсцы Ланцавічы Мастоўскага раёна. Дзяцей ў сям’і было шмат, жылі ўсе ў маленькай хатцы. Спалі хто на печы, хто на ложку, а хто і на падлозе. Як успамінае цяпер Мырыя Філіпаўна, дарослыя шапталіся аб магчымым пачатку вайны з боку Германіі, але дзецям пра гэта не казалі. «Пасля слоў маці аб тым, што прыйшла вайна, мы выскачылі на двор. Велізарная, чорная хмара павольна рухалася над нашай вёскай», – успамінае Марыя Філіпаўна. А было тады маленькай Марыі дзевяць гадоў. Страшна было чуць асаблівы гул самалётаў, бачыць водбліскі ў небе і разгублены твар у слязах маці. З асаблівым жахам апісвае Марыя Філіпаўна першую сустрэчу з вайной, калі ад варожых снарадаў дрыжалі зямля і хата, выпадала аконнае шкло. У такія хвіліны маці заганяла дзяцей пад печак і загадвала закрываць вушы далонямі, а сама лажылася побач і прытуляла да сябе маленькую Марыю, якая моцна плакала і зусім не разумела, навошта іх трымаюць у гэтай цемры. Скора бацька пайшоў ваяваць. Марыя Філіпаўна ўспамінае, як маці старалася хоць дзе-небудзь што-небудзь пасеяць. Устане раненька і бяжыць. Потым маці моцна захварэла. Уся яе работа лягла на малую Марыю. Яна ў свае няпоўныя дзесяць гадоў стала сапраўднай гаспадыняй: даглядала і дзяцей, і маці, і гаспадарку, і за плугам хадзіла. Малодшаму браціку тады не было і годзіка. Па начах дзяўчынка не спала, а ўсё яго калыхала. Маленькі брацік хутка памёр. Праз некаторы час памерлі другі брацік і сястра.
«Першая ваенная зіма была вельмі цяжкай, галоднай. У мірнага насельніцтва практычна не засталося харчовых запасаў, таму людзі вымушаныя былі на замерзлых палях шукаць пакінутую бульбу. Увесну збіралі траву і дабаўлялі ў крахмал – так атрымліваліся праснакі. Яны былі вельмі чорныя і моцна трашчалі на зубах. Гэта была ўся ежа», – распавядала Марыя Філіпаўна. Яна бачыла палаючыя вёскі, чула плач маці, якія атрымлівалі пахаванкі. Тады так жылі ўсе, але ў дзіцячых сэрцах гэтыя падзеі пакінулі глыбокую рану, якая не загойваецца да гэтага часу. І цяпер, расказваючы аб сваім дзяцінстве, бабуля не можа стрымаць слёз.
Добра помніць Марыя Філіпаўна дзень, калі маладым дзяўчатам і хлопцам загадалі пагружацца ў аўтамашыны і павезлі ў Дзярэчын. Разам з Марыяй паехала і яе маці. Немцы адпраўлялі маладых людзей у Германію. Маці дзяўчынкі падыйшла да немцаў, вельмі моцна плакала, прасіла, каб адпусцілі дачку. Марыю адпусцілі, можа таму, што яна была вельмі худзенькая.
Не менш цяжкімі аказаліся і пасляваенныя гады. Мужчын ў вёсцы засталося вельмі мала. Жанчыны пачыналі сеяць хлеб на вызваленай зямлі. Араць даводзілася на сабе, таму што коней або кароў у вёсцы не было. Марыя Філіпаўна расказала, што пачуццё пастаяннага голаду і пах хлеба пераследваў яе не толькі ў першыя пасляваенныя гады.
«Звяртаючыся да маладога пакалення, хачу сказаць, што я расказваю пра тое, што перажыла ў дзяцінстве, не для спагады да сябе, а для таго, каб маладыя людзі ўсвядомілі, якія бедствы прыносіць вайна, каб яны не верылі тым, хто сёння спрабуе рэабілітаваць фашыстаў і іх памагатых, каб не паддаваліся на правакацыі. Вайна не прыносіць нічога добрага – толькі страты, слёзы, боль. Чалавек прыходзіць у гэты свет, каб жыць, тварыць, сеяць хлеб, усыпаць нашу зямлю кветкамі. Маладыя, беражыце мір і спакой на нашай зямлі», – заклікае ўсіх Марыя Філіпаўна.
Запісалі аповед Марыі Філіпаўны на відэа, каб падзяліцца яе ўспамінамі з наступным пакаленнем, каб яны вучыцеся ў яе жыць, працаваць і любіць сваю радзіму.
Анастасія БУБНОВІЧ,
член валанцёрскага атрада «Рука дапамогі».
Мастоўскі раён,
Пескаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа, 7-ы клас.