У рамках правядзення інфармацыйна-адукацыйнага праекта «Школа Актыўнага Грамадзяніна» вучні 10–11-х класаў Лойкаўскай школы наведалі паштовае аддзяленне аграгарадка Лойкі.
Пошта займае важную ролю ў інфармацыйна-камунікацыйнай прасторы чалавека. Яна з’яўляецца не толькі сродкам зносін, але і мае практычны напрамак – аказвае гандлёвыя і фінансавыя паслугі. Дапамагае людзям на вялікай адлегласці падтрымліваць сувязь з роднымі і сябрамі. Адна справа, калі бачыш электроннае пісьмо, другая – калі атрымоўваеш ліст ці паштоўку, напісаную рукой блізкага табе чалавека. Такім чынам, пошта служыць не толькі дзяржаве, але і кожнаму з нас.
Падчас сустрэчы з начальнікам паштовага аддзялення Ліліяй Янаўнай Леашкевіч навучэнцы задавалі пытанні пра работу паштальёнаў, знаёміліся з новымі формамі паштовых паслуг. Асаблівую цікавасць выклікаў той факт, што існуюць спецыяльныя машыны, якія сартуюць карэспандэнцыю. Старшакласнікі даведаліся аб гісторыі з’яўлення пошты і сучасных функцыях установы. Дзякуючы развіццю сучаснай сувязі ў Беларусі мы можам заставацца заўсёды на сувязі.
Такія сустрэчы даюць магчымасць даведацца не толькі аб дзейнасці самой установы, але і на ўласныя вочы пабачыць, у чым заключаецца работа супрацоўнікаў арганізацыі. Гэта дапамагае мне, як настаўніку, прафесійна арыентаваць будучых выпускнікоў.
Вераніка Рышардаўна СЕЛІЦКАЯ,
класны кіраўнік 10-га класа.
Гродзенскі раён,
Лойкаўская школа.