Прыйшла зіма, а разам з ёй і першыя халады. Зямля, вада і лес – усё пакрыта снегам. Пад снежным покрывам затаіліся многія жывёлы. Добра таму, у каго цёплае, утульнае логава, бярлога, норка або гняздо. Добра таму, у каго хапае запасаў. А птушкі моцна пакутуюць зімой ад холаду і голаду.
Халодны вецер гуляе, носіцца паміж дамамі і дрэвамі. Не ўсядзець маленькім птушачкам ні на зямлі, ні на галінцы: стынуць лапкі. Птушкі ў зімовы холад звяртаюцца да нас – да людзей з добрымі, чулымі сэрцамі. Мы такія ўважлівыя і добрыя адзін да аднаго, дапамагаем у цяжкія хвіліны, не кідаем у бядзе, мы моцныя, і многае можам зрабіць, каб тым, хто побач з намі, было цёпла і ўтульна. А сёння наша дапамога патрэбна птушкам, якім холадна і голадна, якія замярзаюць. Зіма для кожнага з нас – час суровых выпрабаванняў.
Нам добра: мы сытыя, грэемся ў цёплых дамах, у нас не цямнее ў вачах ад холаду і голаду. А як быць птушкам? Яны не могуць пайсці ў магазін і купіць сабе хлеба або зерня. Што варта нам пакінуць для птушак жменьку ежы? Мы ўратуем каго-небудзь з іх, падорым жыццё, а гэта добрая справа зробіць нас лепшымі. Птушкі не кінулі нас, не пакінулі родныя мясціны. І мы абавязаны не кідаць іх у бядзе! Мы, навучэнцы, настаўнікі і бацькі, зрабілі 20 кармушак. З самага разнастайнага матэрыялу – з каробак з-пад малочных прадуктаў, сокаў, пластыкавых бутэлек, кардонных каробак, дошчачак. Развесілі іх на прышкольнай тэрыторыі, а таксама ў лесе побач са школай, які мы і называем Школьным.
Кожны дзень кормім птушак, а яшчэ захацелася высветліць, якія кармушкі больш за ўсёго ім падабаюцца. Аказалася, што на драўляную крытую кармушку птушкі прылятаюць ахвотней, часцей і вялікімі зграямі, чым на кармушкі з пластыкавых бутэлек і пакетаў ад соку і малака. Магчыма, прычына ў тым, што яна ўстойлівая, добра замацаваная, яе не гойдае ветрам. За драўніну лягчэй зачапіцца кіпцікамі, чым за пластык.Таксама заўважылі, што птушкі прылятаюць да самай простай кармушкі – кавалачкаў несалёнага сала, звязаных трывалай ніткай або дротам. Яшчэ мы зрабілі некалькі смачных і цікавых кармушак: абмазалі мёдам шышкі і абвалялі іх у хлебных крошках, маннай крупе і аўсе.
Як цудоўна назіраць за птушкамі і разумець, што ты ім патрэбны! Не хвалюйцеся, птушачкі, мы вас не пакінем!
Віка МАРМЫШ,
член валанцёрскага атрада «Рука дапамогі».
Мастоўскі раён,
Пескаўскі дзіцячы сад–сярэдняя школа, 9-ы клас.