Асноўнымі напрамкамі выхавання навучэнцаў з’яўляюцца грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, накіраванае на фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму. Таму ў рамках інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў на аснове стварэння і рэалізацыі турысцка-краязнаўчых медыяпадарожжаў» навучэнцы 8–9-х класаў распрацавалі і рэалізоўваюць праект «Па месцах баявой славы Гродзенскай вобласці».
Школьнікі наведалі месцы захавання салдат, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны ў аграгарадку Дзярэчын Зэльвенскага раёна, пабывалі на магіле ахвяр фашызму – жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці, расстраляных у чэрвені 1942 года (пахавана больш за 2700 чалавек) і на магіле жыхарам мястэчка Дзярэчын, зверску закатаваных і расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1942 годзе.
Таксама навучэнцы аддалі дань павагі загінуўшым землякам – Герою Савецкага Саюза Казбеку Бейсёнавічу Нуржанаву, які памёр ад ран, атрыманых пры вызваленні г. Ваўкавыска 24 ліпеня 1944 года.
Экскурсія прадоўжылася ў краязнаўчым музеі аграгарадка Дзярэчын, дзе экскурсавод Генадзь Вікенцьевіч Коўш распавёў, што гэта адно са старажытных паселішчаў на Зэльвеншчыне. Упершыню Дзярэчын згадваецца ў XV стагоддзі як сяло. Таксама расказаў, якім быў Дзярэчын пры князях Сапегах, Палубінскіх, якія тады былі забудовы, дамы і маёнтак.
Генадзь Вікенцьевіч расказаў вучням аб ваенных дзеяннях у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Дзярэчына. З 1 ліпеня 1941 года на тэрыторыі Зэльвеншчыны быў усталяваны фашысцкі акупацыйны рэжым. Усходняя частка Зэльвеншчыны з Дзярэчынам уваходзіла ў генеральную акругу «Беларусь». У вёсках прызначаліся старасты. У Дзярэчыне знаходзіўся ваенна-паліцэйскі гарнізон, дзе налічвалася да 60 паліцэйскіх і карны атрад з украінскіх нацыяналістаў колькасцю 50 чалавек. Насельніцтва Дзярэчына супраціўлялася акупацыйнай палітыцы: хавала і псавала прадукцыю.
Фашысты праводзілі палітыку генацыду: масавыя растрэлы, расправы з насельніцтвам, карныя экспедыцыі. Многія жыхары Дзярэчына і бліжэйшых паселішчаў былі вывезены на прымусовую работу ў Нямеччыну.
Дзярэчын уваходзіў у зону адказнасці партызанскай брыгады «Перамога», які з’явіўся ў сакавіку 1942 года пад кіраўніцтвам Паўла Іванавіча Булата, жыхара вёскі Вострава. Атрад пад кіраўніцтвам Б. А. Булата разграміў нямецкі гарнізон у Дзярэчыне, які на доўгі час спыніў сваю дзейнасць. Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунцы.
11 ліпеня 1944 года Дзярэчын быў вызвалены 129-й Арлоўскай дывізіяй 3-й арміі падчас аперацыі «Баграціён».
Навучэнцы даведаліся шмат цікавага аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, пра подзвіг беларускага салдата, пра мужнасць нашых прадзедаў. Школьнікі з вялікай цікавасцю слухалі экскурсавода, задавалі пытанні, разглядалі экспанаты.
Наведванне пахаванняў і музея выклікала цікавасць у вучняў. Упэўнена, што трэба працягваць працу з дзецьмі па вывучэнні гісторыі роднага краю, выхаванню пачуцця патрыятызму, гонару за сваю краіну, паважлівае стаўленне да старэйшага пакалення, да салдатаў і ўдзельнікаў баявых дзеянняў. Бо для кожнага з нас вельмі важна захаваць памяць пра людзей, якія здзейснілі воінскія подзвігі, не шкадуючы сябе дзеля выратавання таварышаў, выратавання сваёй Радзімы, выратавання сённяшняга пакалення!
Алена Уладзіміраўна МАЙСЮК,
класны кіраўнік 9-га класа.
Мастоўскі раён,
Мілявіцкі дзіцячы сад–сярэдняя школа.