Пад такім дэвізам у Вялікаэйсмантаўскай школе прайшоў тыдзень ушанавання лірычнай спадчыны Максіма Багдановіча, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння паэта.
Знаёмства з паэтычнай спадчынай вялікага паэта пачалося з урачыстай лінейкі, дзе гучалі радкі вершаў Максіма Багдановіча. На працягу тыдня вучні наведалі школьную бібліятэку, у якой была арганізавана выстаўка твораў паэта. Кожны клас падрыхтаваў і прызентаваў насценную газету пад назвай «Адкрый для сябе Багдановіча», а вучні 11-га класа – літаратурны альманах «Пад ветразем «Надзеі», прысвечаны жыццю і творчасці паэта. Актыўна ўдзельнічалі дзеці, ад 1-га да 11-га класаў, у конкурсе чытальнікаў вершаў «Вечна юны, як наша зямля» У 8–11-х класах прайшоў конкурс творчых работ «Твае напевы не заснулі…» Адбылася экскурсія ў музей Максіма Багдановіча ў горад Гродна. Заключным мерапрыемствам стала свята «Будзь жа век маладым!»
Усяго дзесяць гадоў прадаўжалася творчая дзейнасць таленавітага сына беларускай зямлі. Але творам, якія ён паспеў падарыць нам, выпаў зайздросны лёс: да яго неўміручых радкоў цягнуцца шчырыя вочы і сэрцы дзяцей і дарослых.
Марына Іванаўна СТАНЕЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры.
Бераставіцкі раён,
Вялікаэйсмантаўская школа.