Па прынцыпе «Роўны — роўнаму»

Из нашей почты Новости

У падлеткавым узросце актуальным відам дзейнасці з’яўляюцца зносіны з аднагодкамі, акрамя гэтага падлеткі набываюць навык узаемадзеяння з грамадствам. Вынікам такой дзейнасці з’яўляецца сфарміраваная актыўная пазіцыя, якая садзейнічае сацыялізацыі падлеткаў.

Развіваць розныя таленты, павышаць кваліфікацыю, клапаціцца аб жыццяздольнасці, адным словам – проста вучыцца кожны дзень, – усё гэта неабходна для дасягнення высокага ўзроўню выхавання і навучання чалавека. У школьным асяродку паспяховай рэалізацыі адзначаных аспектаў спрыяе прынцып «роўны навучае роўнага». Па розных аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах настаўнік не заўсёды можа аказаць выхаваўчы ўплыў на падлеткаў. Вельмі часта пры ўзнікненні праблем яны хутчэй звярнуцца да сваіх аднагодкаў за падтрымкай і парадай. У сярэдніх і старэйшых класах назіраецца імкненне аб’яднацца ў групы, наладзіць свабодныя і даверлівыя зносіны, жаданне размаўляць «на адной мове». Таму і інфармацыя, якую падлеткі атрымліваюць ад роўных сабе, карыстаецца значна большым аўтарытэтам, чым тая, якую трансліруе дарослы чалавек.

На базе школы № 41 г. Гродна створана творчая група, якая праяўляе шчырую зацікаўленасць у паступовай рэалізацыі прынцыпа «роўны навучае роўнага». Група складаецца з педагога-кансультанта і актыўных, творчых і мэтанакіраваных вучняў, валанцёраў-інструктараў. Педагог-кансультант прайшоў спецыяльную тэарэтычную і практычную падрыхтоўку ў абласным інстытуце развіцця адукацыі. Гэта дазваляе ажыццяўляць падрыхтоўку і суправаджэнне дзейнасці валанцёраў-інструктараў, якія толькі пачынаюць рабіць свае першыя крокі ў рэалізацыі адзначанага прынцыпа ў сферы здаровага ладу жыцця і культуры паводзінаў.

Звычайна валанцёры-інструктары – гэта вучні-дабравольцы 14-18 гадоў. Яны праходзяць спецыяльны курс тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі па пытаннях здаровага ладу жыцця і культуры паводзінаў на аснове прынцыпа «роўны навучае роўнага». Пасля атрымання неабходных ведаў, уменняў і навыкаў валанцёры-інструктары могуць навучаць, перадаваць веды і ўласны вопыт сваім аднагодкам.

Дзейнасць творчай групы пачалася ў верасні 2020 года. Асновай для выбару валанцёраў-інструктараў стала правядзенне класных і інфармацыйных гадзін. Педагог-кансультант, і класны кіраўнік 7-га класа адначасова, звяртаўся да вучняў з прапановай дапамагчы яму ў арганізацыі і правядзенні класнай або інфармацыйнай гадзіны. І жадаючыя заўсёды знаходзіліся. Гэты момант дазволіў педагогу-кансультанту прааналізаваць арганізатарскія, камунікатыўныя і маральна-этычныя рысы і здольнасці вучняў-дабравольцаў.

У лістападзе згодна з планам выхаваўчай работы была праведзена класная гадзіна «Давайце эканоміць разам», прысвечаная Міжнароднаму дню энергазберажэння. Вучні-дабравольцы падрыхтавалі займальны матэрыял па тэме. Спачатку яны пазнаёмілі аднакласнікаў з асноўнымі тэарэтычнымі звесткамі. Пасля прапанавалі пытанні па змесце выступлення, што дазволіла паўтарыць важныя моманты. У другой палове занятка вучні-дабравольцы арганізавалі інтэрактыўную віктарыну «Энергазберажэнне – важнае ўменне». Змест і форма правядзення віктарыны актуалізавалі веды, павысілі матывацыю да прымянення розных спосабаў энергазберажэння ў паўсядзённым жыцці. Удзельнікам віктарыны неабходна было прайсці некалькі раундаў: Размінка, Энергапошук, Эрудыт, Вада – гэта жыццё, Сэканоміў – заработаў і інш. Неабходна адзначыць, што вучні-дабравольцы ўлічылі пры арганізацыі і правядзенні класнай гадзіны здароўезберагальны момант: яны прапанавалі сваім аднагодкам крыху адпачыць і правялі забаўляльную паўзу.

Яшчэ адной магчымасцю паспрабаваць сябе ў ролі валанцёраў-інструктараў для вучняў-дабравольцаў стала класная гадзіна «Я тое, што я ем». Падлеткі падрыхтавалі практыкаванні для сваіх аднакласнікаў на тэму здаровага харчавання. Было прапанавана « пасадзіць» дрэва здароўя: вучні на стыкерах пісалі словы-асацыяцыі з паняццем здароўе. Практыкаванне «Правільнае харчаванне», пры выкананні якога неабходна было размеркаваць ілюстрацыі розных прадуктаў на групы «правільнае» і «няправільнае» харчаванне, выклікала ў удзельнікаў зацікаўленасць і жаданне абмеркаваць спрэчныя моманты, абгрунтаваць сваё ўласнае меркаванне, падзяліцца вопытам: напрыклад, шакаладны батончык «Снікерс» – карысны ці не? Інтэрактыўны характар мела практыкаванне «Бублік». Першы чалавек, паставіўшы руку на пояс, называе сваё любімае блюда. Да яго далучаецца той, хто раздзяляе выбар папярэдняга ўдзельніка. Паступова ўдзельнікі практыкавання аб’ядноўваюцца ў своеасаблівы «бублік». Важным момантам пры правядзенні адзначаных вышэй практыкаванняў з’яўляецца зваротная сувязь з удзельнікамі, ці рэфлексія. І трэба адзначыць, што вучні-дабравольцы пасля кожнага практыкавання цікавіліся ўражаннямі сваіх аднакласнікаў. Гэта дапамагло зрабіць ім адпаведныя высновы на будучае.

Для творчай рэалізацыі прынцыпа «роўны навучае роўнага» вялікае значэнне мае штогадовая школьная акцыя «Здароўе – на талерцы». Школьная акцыя мае мэту фарміравання культуры здаровага харчавання ўсіх удзельнікаў навучальнага працэсу як састаўной часткі культуры здароўя. У перыяд акцыі было прадугледжана правядзенне агульнашкольных мерапрыемстаў па прынцыпе «роўны навучае роўнага». Вучнямі 8-х і 7-х класаў былі наладжаны інтэрактыўныя перапынкі «Смачныя загадкі», «Пастаў «лайк» блюдам школьнага меню», «Відэакніга пра сакрэты дыеты». Вучні 10-х класаў праводзілі дыягнастычнае даследаванне сродкамі анкетавання вучняў, супрацоўнікаў і бацькоў (законных прадстаўнікоў) на пытанне задаволенасці работай школьнай сталовай і буфетам. Лагічным завяршэннем стала інтэрактыўнае мерапрыемства шостага школьнага дня для вучняў 6-х класаў «Гастранамічны квэст». Такім чынам прынцып «роўны навучае роўнага» быў выкарыстаны ў сферы навыкаў рацыянальнага і здаровага харчавання.

Якое значэнне мае прынцып «роўны навучае роўнага» для яго ўдзельнікаў? Гэта набыццё навыкаў адказных паводзінаў, павышэнне кампетэнтнасці падлеткаў у сферы здаровага ладу жыцця і культуры паводзінаў. Абвастрэнне пачуцця адказнасці і асабістай значымасці, узмацненне жадання быць карысным для іншых, для сабе роўных. Асобасны рост і магчымасць самапрэзентацыі. Прынцып “роўны навучае роўнага” дапамагае фарміраваць і развіваць камунікатыўныя навыкі і лідэрскія якасці вучняў. Гэта развіццё здольнасці да самаарганізацыі і самакіравання, што з’яўляецца важным для самастойнага жыцця ў будучым. Істотным і вызначальным момантам для ўдзельнікаў прынцыпа “роўны навучае роўнага” з’яўляецца працэс зносінаў і набыццё новых знаёмстваў. Гэты прынцып спрыяе ўмацаванню калектыва і дазваляе ажыццяўляць усебаковае выхаванне і навучанне падлеткаў. 

Алена Валянцінаўна ЮШКЕВІЧ,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры,

інструктар “роўны – роўнаму” навучання

г. Гродна, школа № 41.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *