Вясёлы шосты дзень сабраў дзяцей у школе. А чакала іх нямала цікавых мерапрыемстваў – фізічныя эксперыменты і доследы, інтэлектуальныя турніры, вясёлыя гульні на свежым паветры, заняткі гуртка «Фальклорная спадчына». Дзеці па жаданні выбіралі справу па душы, дзе маглі праявіць і рэалізаваць свае здольнасці.
Мэтай брэйн-рынга «Свет права» было выхаванне прававой культуры, грамадзянскасці і патрыятызму, прававой адказнасці. Мерапрыемства садзейнічала фарміраванню пазнавальнай цікавасці навучэнцаў, іх творчай актыўнасці, развіццю камунікатыўных кампетэнцый, выхаванню станоўчых якасцей.
Дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў гульні, а лепшымі знатакамі закона аказаліся чацвёртакласнікі Мацвей Шкулепа і Таццяна Крук. У канцы прававога занятка вучні зрабілі вывад, што кожны павінен задумацца пра сваё жыццё, заняць актыўную жыццёвую пазіцыю, захоўваць нормы і правілы, устаноўленыя законам і грамадствам, таму што яны – будаўнікі будучага, а якім яно будзе – у многім залежыць ад іх.
Затым усіх чакалі вясёлыя гульні на свежым паветры «Зімовы разгуляй». Снегу сапраўды намяло нямала – вырашылі правесці валанцёрскую акцыю «Дзень добрых зімовых спраў». Наведалі адзінока пражываючую Валянціну Мікалаеўну Шэйка, ветэрана педагагічнай працы: дапамаглі расчысціць дарожку ад снегу, выбіць палавік з калідора і проста паразмаўляць пра будзённыя справы.
Пасля зноў вярнуліся ў школу і гулялі ў снежкі, каталіся з горкі, а асабліва старанныя і дбайныя «гаспадары» вырашылі яшчэ папрацаваць на школьнай тэрыторыі: расчысціць тратуарную дарожку да дзіцячага садзіка, дзе выхоўваюцца іх меншыя брацікі і сястрычкі.
Зіма – пара добрых спраў, так можа зрабіць кожны.
Зінаіда Георгіеўна ПАРМОНІК,
настаўнік рускай мовы і літаратуры.
Свіслацкі раён,
Ханявіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа.