У нашым школьным гісторыка-краязнаўчым музеі для вучняў, бацькоў і настаўнікаў створана выстаўка «Тут мінулае з сучаснасцю сышліся».
Выстаўка складаецца з чатырох раздзелаў. Першы – «З гісторыі школьнай парты». Экскурсаводы Саша Копаць і Аня Пецурышына распавядаюць, што ў сярэднія вякі ў школах дзеці навучаліся за доўгімі сталамі, затым школьнікі пачалі займацца на паставе-століку з адкідной нахіленай дошкай. Прывычная для ўсіх парта з’явілася ў 60-я гады XIX стагоддзя, стварыў яе прафесар Маскоўскага ўніверсітэта Ф. Ф. Эрысман. Парта Эрысмана першапачаткова рабілася аднамеснай. У канцы XIX–пачатку XX стагоддзя з’явіліся разнастайныя мадэлі школьных парт, галоўным чынам дзвюх сістэм – рухомыя і нерухомыя.
Другі раздзел «Эвалюцыя школьнай формы» знаёміць з гісторыяй школьнай формы для хлопчыкаў і дзяўчынак. У 1834 годзе у Расіі ўпершыню ўводзіцца школьная форма ва ўсіх вучэбных установах. Форма складалася з фуражкі, гімнасцёркі і шынеля, якія адрозніваліся толькі колерам. Потым была ўведзена гімназічная форма для дзяўчынак: карычневая шарсцяная сукенка з белым каўнерыкам, фартух чорнага і белага колеру. Цікава, што ў 1918 годзе быў выдадзены дэкрэт, які адмяніў школьную форму, але ў 1949 годзе ізноў уводзіцца адзіная школьная форма: для хлопчыкаў – ваенная гімнасцёрка з каўнерыкам-стоечкай, а для дзяўчынак – карычневая сукенка з чорным і белым фартушком. Затым на працягу многіх стагоддзяў фасон школьнай формы неаднаразова змяняўся, для хлопчыкаў гэта былі і шэрыя шарсцяныя касцюмы, і касцюмы сінега колеру, і нават касцюмы з алюміневымі гузікамі, эмблемай, накладнымі кішэнямі на грудзях, а дзяўчынкі, напрыклад, некаторы час хадзілі ў школу ў касцюме-тройцы сінега колеру, які складаўся з спадніцы-трапецыі са складкамі, піджака з накладнымі кішэнямі і жылеткі.
Цікавы раздзел «Кніга нараджаецца, каб жыць». Школьнікі даведаліся, што днём нараджэння «Буквара» лічыцца 24 ліпеня 1618 года. Цікава, што ў свеце існуюць толькі два арыгіналы першага беларускага «Буквара». Адзін – няпоўны, але добра захаваны – у Каралеўскай бібліятэцы ў Капенгагене, другі – у бібліятэцы ў цэнтры Лондана. А вось самы старажытны буквар з тых, што захоўваюцца ў Беларусі, выдадзены ў 1767 годзе. Многія пакаленні маленькіх беларусаў у савецкі і сённяшні час вучыліся і працягваюць вучыцца па «Буквары» Анатоля Клышкі. Дарэчы, у экспазіцыі нашага школьнага гісторыка-краязнаўчага музея выстаўлены чатыры буквары А. Клышкі розных выданняў.
А вось раздзел «Я заўсёды вам служу, і малюю, і пішу» прысвечаны гісторыі стварэння ручак: гусінаму пяру, ручак, запраўленых чарніламі, аўтаручкам, гелевым ручкам.
Асобная экспазіцыя прысвечана форме адзення піянера і важатага, галоўным атрыбутам піянераў: флагу піянерскай дружыны, горну, барабану, вымпелам, значкам і піянерскім гальштукам, а таксама мінулым радыёпрыёмнікам, магнітафонам, камп’ютарам, друкаваным машынкам.
Роля школьных музеяў увесь час узрастае, таму што менавіта праз іх можна давесці да школьнікаў веды па гісторыі і культуры беларускага народа і паказаць іх у больш цікавай, чым на уроках, форме. Тым больш, што музей заўсёды побач, у любы час школьнага жыцця. Ведаць родную мову, гісторыю, культуру – гэта значыць не парываць з вытокамі сваёй Айчыны, свайго народа. Народ, які не ведае і не хоча ведаць свайго мінулага, ніколі не будзе мець будучага.
Галіна Іосіфаўна ГАЛАВЕНКА,
класны кіраўнік 9-га класа.
Мастоўскі раён.
Пескаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа.