Як важна правільна ў жыцці абраць прафесію па душы. Ад гэтага залежыць маральная і матэрыяльная задаволенасць чалавека. А вызначыцца з выбарам прафесіі ў Хвінявіцкім дзіцячым садзе–сярэдняй школе дапамагаюць класныя кіраўнікі. Перш-наперш, вывучаюцца інтарэсы і запыты выпускнікоў, затым звяртаецца ўвага ў патрэбе спецыялістаў у раёне, вобласці, рэспубліцы.
З гэтай нагоды ва ўстанове прайшла сустрэча з інспектарам Дзятлаўскага раённага аддзела надзвычайных сітуацый М. С. Кандратовічам, на якой прысутнічалі навучэнцы 9–11-х класаў. Мікіта Сяргеевіч паведаміў аб асаблівасцях работы выратавальніка ў цікавай форме. Была засяроджана ўвага на тым, дзе можна атрымаць прафесію, якія ўмовы ствараюцца ў дзяржаве для таго, каб стаць прафесіяналам гэтай справы. Вельмі важна валодаць такімі рысамі характару, як смеласць, кемлівасць, вынослівасць, вялікая сіла волі. Ратаваць людзей у надзвычайных сітуацыях – гэта значыць мець прызванне і быць самаадданым той справе, якую ты выбраў.
Падчас сустрэчы ўзгадалі правілы пажарнай бяспекі, правілы паводзін на лёдзе, каля вадаёмаў. Былі распрацаваны алгарытмы дзеянняў у надзвычайных сітуацыях, калі патрэбна аказаць першую дапамогу пацярпелым ад розных жыццёвых нязгод. Гэтыя веды вельмі каштоўныя для кожнага чалавека, а для выпускнікоў, якія стаяць на парозе самастойнага жыцця – бясцэнныя.
Жыццё – самы каштоўны дар. А як ім распарадзіцца – гэта асабістая справа кожнага. Няхай веды, атрыманыя падчас сустрэчы, ніколі не спатрэбяцца нашым дзецям, але праведзеныя разам хвіліны былі самымі карыснымі і цікавымі.
Таццяна Віктараўна ЖЫНКО,
класны кіраўнік 9-га класа
Дзятлаўскі раён,
Хвінявіцкі дзіцячы сад–сярэдняя школа.