Афганістан у жыцці салдата

Из нашей почты Новости

 

Для кагосьці Афганістан – гэта адна з кропак на карце свету, а для нашага земляка Сяргея Вацлававіча Ткачука – далёкая, чужая краіна, дзе ён правёў амаль два гады армейскай службы. Дваццаць два месяцы пад пякучым афганскім сонцам і столькі ж душных начэй пад чорным афганскім небам…

Мы запрасілі Сяргея Вацлававіча ў нашу школу. Сустрэча старшакласнікаў з салдатам-афганцам аставіла глыбокі след у іх душах. Аб той вайне Сяргей Вацлававіч часта расказвае моладзі, з’яўляючыся старшынёй раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане».

– Я тады быў усяго толькі на год-два старэйшыя за вас, – успамінае Сяргей Вацлававіч. – Скончыў сярэднюю школу № 2 г. Масты, паступіў у Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры і быў прызваны ў армію. У навучальным падраздзяленні ў Ашхабадзе атрымаў вайсковую спецыяльнасць мінамётчыка. У маі 1987 года ваенны ІЛ-86 даставіў нас у Афганістан.

Сяргею Вацлавовічу не давялося служыць у вялікіх гарнізонах, дзе больш-менш быў наладжаны быт салдат, дзе не кожны дзень падпільноўвала небяспека. Ён, як гаворыцца, адразу трапіў на перадавую. Частку воінаў, якія  прыбылі ў Афганістан, разасяродзілі па блок-пастах уздоўж аўтадарогі Кабул-Джалалабад. У гэтую частку папаў і Сяргей Вацлававіч. Гэта  было невялікае ўмацаванне ў гарах ля дарогі, своеасаблівы міні-гарнізон, дзе знаходзілася каля дваццаці салдат. Сяргей Вацлававіч расказаў падлеткам, што яны павінны былі забяспечыць бяспечны праезд сваёй тэхнікі па дарозе і не даць умацавацца на ёй душманам. Салдаты былі ўзброены аўтаматамі, на блок-пастах знаходзіліся мінамёты. У іх быў мінамёт «васілёк», а Сяргей Вацлававіч быў мінамётчыкам. Днём і ноччу былі напагатове: душманы маглі напасці ў любы момант. Напружанне было неверагоднае. Спадзявацца можна было толькі на сябе. Свісталі кулі над галавой, побач узрываліся міны і гранаты, а пастаўленае заданне трэба было выканаць любой цаной, нягледзячы на страты і, здавалася б, бязвыхаднае становішча. Яму не сорамна прызнацца, што страх не пакідаў яго ні на хвіліну. Сяргей Вацлаваіч успамінае, што праязджалі калоны, пакідалі ім прадукты і зрэдку лісты ад родных. Пісьмо з Радзімы, з роднай хаты, заўсёды было святам для салдата. А аднойчы Сяргей Вацлававіч нават атрымаў пасылку, і гэта было неверагодным шчасцем для салдата ў Афганістане. Як і яго баявыя таварышы, знаходзячыся за тысячы кіламетраў ад роднага дому, марыў назаўсёды развітацца з краінай гор. Але тады ён не ведаў, што Афган будзе побач з ім заўсёды. Вярнуўся на Радзіму Сяргей Вацлававіч у калоне савецкіх войскаў у лютым 1989 года.

Раны, пакінутыя на сэрцы, усё яшчэ баляць. Проста гэта памяць, памяць той вайны. З таго часу прайшло больш за тры дзясяткі гадоў, але ў мужчыны не атрымалася сцерці з памяці час, які прайшоў удалечыні ад родных людзей і бацькоўскага дома. Ён часта бачыць у снах твары баявых таварышаў, гарачыя жоўтыя пяскі, яркае сонца і схілы высокіх гор, зноў чуе галасы душманаў і гучныя выбухі снарадаў.

Сучаснаму пакаленню цяжка ўявіць вайсковую службу, дзе прыходзілася баяцца смерці ад рукі ворага ў любы момант, дзе рызыкуеш самім сабою, закрываючы грудзьмі таварышаў, выконваючы загады баявых камандзіраў у экстрымальных умовах, толькі зрэдку думаючы пра тое, што будучае, напэўна, прыйдзе, але ў ім можа не быць цябе… Такія думкі не аднойчы наведвалі тых салдат, якія прайшлі службу ў Афганістане.

У кожнага воіна-афганца свой лёс, свае радасці і смутак, але аб’ядноўвае іх адно  – успаміны пра баявыя дні і ночы пад гарачым сонцам і халодным месяцам Афганістана.

– Вельмі хочацца, каб нашым сённяшнім салдатам не прыходзілася служыць у такіх жорсткіх умовах, і няхай яны не ведаюць жахаў вайны, – нагадаў юнакам Сяргей Вацлававіч.

Ён, як ніхто іншы, ведае кошт чалавечага жыцця, бо сам, неаднаразова трапляючы пад варожыя кулі, засланяў ад гібелі сваіх таварышаў, сваіх сяброў, каб кожны з іх жыў пад мірным небам і бачыў бяздонную далеч блакітных нябёсаў.

Галіна Іосіфаўна ГАЛАВЕНКА,

класны кіраўнік 9-га класа.

Мастоўскі раён.

Пескаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *