33 гады назад адгрымелі апошнія залпы той вайны, якая крывавым катком праехала па многіх лёсах нашых землякоў. Тым, хто быў у першых радах удзельнікаў так званага абмежаванага кантынгента савецкіх войскаў у Афганістане, вось-вось выходзіць на пенсію. А многіх ужо няма ў жывых…
У Вераб’евіцкім діцячым садзе–базавай школе да ўгодкаў вываду савецкіх войскаў з Афганістана на працягу тыдня дзейнічала часовая экспазіцыя «Афганістан у лёсе нашых землякоў». Акрамя таго, адбылася сустрэча з былым байцом прызыву 1979 года, жыхаром горада Навагрудка, Віктарам Іванавічам Судакевічам.
На экспазіцыі быў прадстаўлены альбом з фотаздымкамі, ганаровыя граматы і ўзнагароды Пятра Пятровіча Дзічко прызыву 1981 года. Пётр Дзічко пасля проходжання вучэбнай часткі ў горадзе Кушка служыў першыя паўгода ў разведвальным батальёне, пасля – наводчык, праз некаторы час – камандзір рэактыўнай устаноўкі ГРАД. Памёр 15 мая 2013 года.
Але вельмі шмат спрэчных пытанняў выклікаў альбом з фотаздымкамі Фёдара Аляксандравіча Лобача. На першым фотаздымку ён у вайсковай форме з пятліцамі артылерыста толькі з камсамальскім значком, на наступнай старонцы – гвардзеец з узнагародамі. 3 студзеня споўнілася пяць гадоў, як Фёдар Аляксандравіч памёр ад цяжкай хваробы ў 2017 годзе. Ягоны альбом падштурхнуў да пошуку дадатковай інфармацыі, тым больш што Ф. А. Лобач быў прызваны вясной 1979 года і на момант уводу войск у Афганістан меў за плячыма амаль 9 месяцаў службы, таму мог быць у першых радах вайсковай часткі, якая штурмавала 27 студзеня 1979 года Тадж-Бек, палац кіраўніка дзяржавы Аміна. Вынікі пашуковай дзейнасці мусім апублікаваць у бліжэйшы час.
Асаблівае ўражанне пакінула сустрэча з Віктарам Іванавічам Судакевічам, які ўжо шосты год працуе качагарам у нашай школе. Гэта была жывая гутарка з непасрэдным удзельнікам той вайны. На сустрэчы вучні даведаліся пра прыродныя асаблівасці Афганістана, быт яго жыхароў, асаблівасці вайсковай службы шафёра палівазапраўшчыка на аэрадроме Кабула, сталіцы дзяржавы. Віктар Іванавіч з ахвотай адказваў на любыя пытанні і дарослых, і дзяцей. Таксама ён дэманстраваў свой дзембельскі альбом і наглядна пацвярджаў свае словы.
Ларыса Яўгенаўна МАРОЗ,
кіраўнік музея.
Навагрудскі раён,
Вераб’евіцкі дзіцячы сад–базавая школа.