Навучэнцы 3-га класа нашай установы адукацыі пабывалі на экскурсіі ў этнаграфічным музеі, які знаходзіцца на базе сельскага філіял-клуба аграгарадка Ханявічы. Мэтай дадзенага мерапрымства з’яўлялася далучэнне дзяцей да нацыянальных традыцый, самабытнасці беларускага народа, выхаваннне павагі да мінулага краю, родных каранёў, пачуцця гонару за сваю краіну, за свой народ.
Загадчык клуба і музея Алена Іосіфаўна Пісар расказала дзецям, чаму музей абсталяваны ў выглядзе хаты і растлумачыла, што хата – наша калыска, утульнае і цёплае гняздо, адкуль «вылятаем мы ў вырай», куды вяртаемся з далёкіх і блізкіх дарог. Нездарма ў народзе кажуць: «Чужая хата не грэе, а свая хатка як родная матка».
У хаце-музеі дзеці ўбачылі абсталяваны кут, дзе пасядзець лічыцца за вялікі гонар. Покуць, ці чырвоны кут – так называецца гэта пачэснае месца. Тут, на покуце, пад столлю вісяць абразы і маўклівай малітваю асвяшчаюць хату і жыццё людзей.
Зацікавіў у музеі дзяцей вялікі кошык. Але гэта не проста кошык, а калыска для немаўляці. Дзеці даведаліся, што плялі яго з лазовых дубцоў, чырвонай ракіты, ядлоўцавых каранёў.
З вуснаў экскурсавода пачулі навучэнцы і пра тое, што сялянскую хату нельга ўявіць без печы, таму што яна карміла, сагравала, лячыла ад прастуды, і пагэтаму яна, як чарадзейная істота, жыве ў народных казках, прымаўках і прыказках. Дзеці ўбачылі, што на прыпечку вымуравана ямка, куды зграбалі гарачае вуголле і, прысыпанае попелам, яно доўга не гасла і выкарыстоўвалася замест запалак.
Трэцякласнікі з захапленнем слухалі расказ пра жыццё і заняткі нашых далёкіх продкаў і былі здзіўлены, што доўгімі зімовымі вечарамі жанчыны без справы не сядзелі, а пралі, вышывалі, шылі. У час падарожжа па этнаграфічным музеі рабяты пазнаёміліся з рознымі прыладамі для ткацтва, такімі як прасніца, верацяно, бёрда, матавіла, сукадла, калаўрот, а асабліва дапытлівыя і цікаўныя паспрабавалі нават насукаць нітку.
Таксама навучэнцы даведаліся, што існавалі спецыяльныя прылады для разгладжвання тканых вырабаў – гэта качалка і валок. Алена Іосіфаўна паказала дзецям, як раней прасавалі тканіну: спачатку накручвалі на качалку, затым раскачвалі пры дапамозе валка, драўлянага бруса з нарэзанымі ўпоперак зубцамі. У дзяцей была магчымасць паказаць свой спрыт і ўменне ў рагладжванні тканіны. Гэта справа ім вельмі спадабалася.
Знаёмячыся з этнаграфічным мінулым, носьбітамі спадчыны, навучэнцы знайшлі ў іх падставы для гонару за сваю зямлю і яе людзей. А сапраўднае выхаванне не можа не быць нацыянальным, бо чалавек павінен жыць у свеце не як у чужым доме, а як у сваім.
Знаёмячыся з прыладамі працы, хатнім начыннем, вырабамі вяскоўцаў, навучэнцы ўбачалі сапраўдную душу народа. Можна сто разоў гаварыць пра талент, працавітасць, дасціпнасць і мудрасць беларусаў, але лепш, калі дзіця само пачуе песні мясцовых жанчын, паглядзіць, як пляце кашы дзядуля-майстар і павучыцца ў яго. Тады дзіця пераканаецца, што прыгожыя словы пра яго народ не абстракцыя, а рэальнасць, і нам ёсць чым ганарыцца.
Таццяна Канстанцінаўна АГЕЙ,
класны кіраўнік 3-га класа.
Свіслацкі раён,
Ханявіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа.