У школе № 5 г. Навагрудка прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры «Роднай мове прысвячаю».
На працягу тыдня працавала інтэрактыўнае кафэ, дзе дэманстраваліся фільмы, знятыя па творах беларускіх пісьменнікаў. А на перапынках вучні школы станавіліся ўдзельнікамі арт-акцыі «Мая бабуля казала…», падчас якой кожны яшчэ раз дакранаўся да багатай на прыказкі і прымаўкі роднай мовы. Кніжная паліца-выстава «Беларускія пісьменнікі-юбіляры» прыцягнула ўвагу аматараў чытання. Кожны клас узяў удзел у падрыхтоўцы выставы «На што падобна літара Ў». Атрымаўся яркі калейдаскоп з цікавых малюнкаў. Выстава прыцягнула ўвагу і дарослых, і дзяцей неверагоднай фантазіяй і цікавым ўяўленнем навучэнцаў.
Цікава прайшлі ў школе віктарыны «Ведай беларускую мову», «Кола загадак», гульня-лато «Знаўца беларускай мовы». А вучні 2-га класа «А» падрыхтавалі інсцэніроўку беларускай народнай казкі «Каток – залаты лабок».
Тыдзень беларускай мовы – гэта перш-наперш гучанне роднай мовы, прапаганда беларускага слова, яго каларыту і мілагучнасці. І, безумоўна, не абышлося без літаратурных хвілін. Старшакласнікі сталі ўдзельнікамі чэленджа «Мова». Вучні чыталі вершы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, а пасля праз сацыяльную сетку Instagram перадавалі эстафету сваім сябрам. Навучэнцы 1–4-х класаў падрыхтавалі відэа-паштоўкі «Беларусь – мая старонка».
Малодшыя школьнікі таксама не засталіся ў баку. Шмат эмоцый выклікала ў першакласнікаў слоўнікавая гульня-забава «Гучы, роднае слова!» Падчас гульні дзеці сталі «перакладчыкамі» і з захапленнем называлі знаёмыя словы па-беларуску. Мерапрыемства прынесла карысць і асалоду маленькім беларусам.
Падчас тыдня кожны меў магчымасць адчуць асалоду гучання роднай мовы з вуснаў нашчадкаў тых, хто збярог яе, узбагаціў і пакінуў нам у спадчыну.
Алена Уладзіміраўна ВАЛЕНЦЮКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.
г. Навагрудак, школа № 5.