Сустрэчы ў бібліятэцы

Из нашей почты

Кніга – лепшы сябар. Гэтыя словы часта гаворым нашым вучням. І так прыемна, калі дзеці любяць чытаць, калі для іх кожная сустрэча з кнігай – у радасць. Кніга – гэта цэлая скарбніца ведаў, выдатных думак, добрых парадаў. Яна вучыць нас працаваць і сябраваць, любіць родную зямлю, сваіх бацькоў, аддана служыць Радзіме.

У вучняў 3–4-х класаў Вярэйкаўскай школы ёсць цудоўная магчымасць сустракацца з кнігай не толькі ў школе. Другі год яны з’яўляюцца членамі клуба «Юны эрудыт» у сельскай бібліятэцы. Клубныя заняткі праходзяць раз у месяц.  

Вучні з нецярплівасцю чакаюць сустрэчы з бібліятэкарам Т. Г. Вялічка, бо ведаюць, што мерапрыемства абавязкова будзе цікавым. Пасяджэнні клуба заўсёды праходзяць у атмасферы цікаўнасці і творчасці. Да кожнага занятка Тамара Генадзьеўна старанна рыхтуецца. Яна прыдумвае разнастайныя заданні, гульні, конкурсы, падбірае касцюмы. Хлопчыкі і дзяўчынкі разам з бібліятэкарам адпраўляюцца ў паходы за ведамі, здзяйсняюць экападарожжы, праходзяць квэсты, разважаюць на сур’ёзныя тэмы. Тэмы заняткаў вельмі разнастайныя, надзённыя, а апошні, лістападаўскі, быў прымеркаваны да Міжнароднага дня талерантнасці.

Настаўнікі пачатковых класаў таксама вельмі рады такому супрацоўніцтву. Тамара Генадзьеўна добра ведае дзяцей, іх інтарэсы, здольнасці. Яна не толькі выдае кнігі па запытах дзяцей, а яшчэ абавязкова параіць, што прачытаць, пазнаёміць з літаратурнымі навінкамі, дапаможа падабраць творы на ўрокі пазакласнага чытання. Наведванне сельскай бібліятэкі спрыяе павышэнню ў нашых вучняў цікавасці да чытання.

Сустрэчы ў бібліятэцы – крок да новых пазнанняў юных эрудытаў.

Марына Міхайлаўна КАРВАЦКАЯ,

настаўнік пачатковых класаў,

Ваўкавыскі раён, Вярэйкаўская школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *