З мэтай выхавання ў падлеткаў павагі і любові да роднага слова, цікавасці да твораў беларускіх пісьменнікаў у Лойкаўскай сярэдняй прайшоў тэматычны тыдзень «Гучы, беларускае слова!», прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы.
У школьным бібліятэчна-інфармацыйным цэнтры была арганізавана выстава твораў класікаў-юбіляраў, падрыхтаваны стэнд з выказваннямі вядомых беларусаў аб роднай мове. На працягу тыдня ў школе праходзіла акцыя «Размаўляй са мной па-беларуску». Родная мова гучала ўсюды: у настаўніцкай, у школьнай сталоўцы, у майстэрні, у бібліятэцы… Ульяна Кандратава, вучаніца 8-га класа, зняла відэаролік «Чытаем Коласа разам», у якім прынялі ўдзел вучні 5–9-х класаў.
Вучні 3–4-х класаў паказалі, што яны добра валодаюць майстэрствам выразнага чытання, артыстызмам. Хлопчыкі і дзяўчынкі чыталі вершы беларускіх паэтаў. Дух спаборніцтва вітаў паміж вучнямі 6-га класа у час правядзення «Свята роднай мовы». Аднавіць і паглыбіць веды пра вусную народную творчасць, родную мову змаглі вучні 5-га класа падчас мерапрыемства «Мова цікавая і займальная».
Найбольшае захапленне ў вучняў выклікала сустрэча з паэтэсамі Гродзеншчыны Людмілай Кебіч і Ганнай Скаржынскай-Савіцкай, якія ўжо не першы раз наведваюць школу. Шаноўныя госці падзяліліся сваімі новымі творчымі набыткамі, чыталі вершы, апавяданні, адказвалі на пытанні. Настаўнікі і вучні мелі магчымасць набыць кнігі пісьменніц з аўтографам аўтараў. А куточак «Літаратурная Гродзеншчына», які знаходзіцца ў кабінеце роднай мовы, папоўніўся новымі творамі пісьменніц.
Леакадзія Браніславаўна СЯЛЕЦКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры.
Гродзенскі раён,
Лойкаўская школа.