Тыдні беларускай мовы і літаратуры ў школе заўсёды з’яўляюцца яркай і запамінальнай падзеяй. І гэты год не стаў выключэннем. Навучэнцаў чакалі цікавыя і займальныя мерапрыемствы.
Агульны цёплы, душэўны настрой надаў усяму Тыдню першы дзень. У работнікаў установы адукацыі была магчымасць праверыць свае веды ў час напісання абласнога дыктанта. Была падрыхтавана выстава «140-годдзе з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа». Стартавала акцыя «Гавары са мной па-беларуску».
Вучні 3–9-х класаў прынялі ўдзел у конкурсе на лепшага чытальніка «І прыгожа льецца на прасторы слова беларускай мовы». Акрамя дыпломаў у пераможцаў з’явілася магчымасць стаць удзельнікам анлайн-чэленджу «Дзень роднай мовы». Відэа з іх выступленнямі размешчаны на старонцы ўстановы адукацыі ў сацыяльнай сетцы Instagram. Свае здольнасці па веданні беларускай мовы хлопчыкі і дзяўчынкі праверылі падчас правядзення анлайн-віктарыны «Знаўцы роднай мовы» і ў час конкурсу «Пішам па-беларуску», дзе вучні 7–9-х класаў пісалі дыктант, прысвечаны беларускай прыродзе.
У час літаратурнай гасцёўні «З намі Купала і Колас» дзеці з задавальненнем чыталі вершы беларускіх класікаў, знаёміліся з цікавымі звесткамі з іх біяграфіі, у гульнявой форме ўспаміналі творы, з якімі пазнаёміліся на ўроках. Дзевяцікласнікі падрыхтавалі мультымедыйныя прэзентацыі аб беларускіх песнярах, рэбусы і крыжаванка для ўдзельнікаў гасцёўні.
Для навучэнцаў пачатковых класаў прайшлі класныя гадзіны, на якіх дзяцей чакалі інтэрактыўныя гульні, віктарыны, творчыя заданні. Своеасаблівым фіналам гэтага дня стаў Музабоз «Беларусь мая музыкальная». Усе былі прыемна здзіўлены тым, колькі сучасных танцавальных кампазіцый ёсць на беларускай мове!
На працягу тыдня школьнікі ўбачылі і адчулі, наколькі багатая і прыгожая, мілагучная і самабытная беларуская мова. Мерапрыествы дазволілі яшчэ раз упэўніцца ў тым, што беларусы – самабытны, таленавіты народ.
Наталля Аляксандраўна СОКАЛ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры.
Дзятлаўскі раён,
Раклевіцкі дзіцячы сад–базавая школа.