Пад дэвізам «З любоўю да роднага слова» ва ўстанове адукацыі прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры.
Традыцыйна ў школе гучала беларускае слова: прайшла акцыя «“Прывітаемся на роднай мове», быў арганізаваны прагляд відэаролікаў пра знакамітыя куточкі Беларусі, пра людзей, што праславілі сваю Радзіму. Дзень адкрыцця быў багаты на віктарыны, інфармацыйныя гадзіны, конкурсы.
Адзін дзень прайшоў пад дэвізам «Як песня народа – неўміручы наш Колас». Вучні здзейснілі завочнае падарожжа «Сцежкамі-дарожкамі Якуба Коласа», правялі акцыю «Чытаем разам Коласа», арганізавалі выставу «Беларускай песні ўладар», прысвечаную 140-годдзю класіка.
Наступны дзень быў прамеркаваны яшчэ аднаму класіку беларускай літаратуры – Янку Купалу. Адбыліся акцыя «Чытаем разам Купалу», выстава «У сузор’і геніяў» да 140-гадовага юбілею аўтара, завочная экскурсія «Купалаўскія мясціны».
Запамінальнымі сталі квілт-акцыя «Маё любімае беларускае слова», акцыя «Сімвалы краіны», гульня-падарожжа «Фальклорная мазаіка». Усе жадаючыя прымалі ўдзел у разгадванні крыжаванак, рэбусаў, стваралі буктрэйлеры па творах беларускіх аўтараў. Вялікае ўражанне выклікаў майстар-клас «Беларускія народныя лялькі-абярэгі ў сучасным жыцці». Тут удзельнікі даведаліся пра сілу абярэгаў, навучыліся вырабляць лялькі, якія атрымалі потым у якасці падарункаў.
Фіналам тыдня стала літаратурна-музычная кампазіцыя «І вечна гучаць будзе песня…», прымеркаваная юбілеям Я. Купалы і Я. Коласа. У час мерапрыемства прысутныя пазнаёміліся з невядомымі старонкамі жыцця пісьменнікаў, мелі магчымасць паслухаць іх творы ў выкананні самадзейных артыстаў. Хвалюючым момантам для гледачоў стала віртуальная сустрэча з класікамі: з архіўных відэазапісаў аўтары чыталі ўласныя вершы.
Адной з задач правядзення Тыдня беларускай мовы і літаратуры з’яўляецца выхаванне патрыятызму і грамадзянскасці, павагі да роднай краіны і роднай мовы. Многія вучні сваёй актыўнай дзейнасцю паказалі, што ведаюць родную мову, цікавяцца яе гісторыяй, гісторыяй роднага краю. А гэта азначае, што такія дзеці вырастуць годнымі людзьмі, сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны.
Валянціна Аляксандраўна ПІСАРЭНКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры.
г. Мсціслаў, школа № 2.