Ніколі не забудзем

Из нашей почты Новости

Вялікая Айчынная вайна – жудасная старонка гісторыі нашай краіны. Нельга пра гэта забываць, асабліва ў Год гістарычнай памяці.

Навошта помніць пра вайну? Гэта пытанне, над якім павінен задумацца кожны. Вось і шасцікласнікі лідскай школы № 5 на ўроках беларускай літаратуры спрабуюць даць адказ.

Нікога не пакінуў раўнадушным верш А. Вярцінскага «Два полі». Вучняў уразіў жахлівы кантраст паміж апісаннем мірнага і ваеннага поля. Яны адчулі боль і горыч за лёс беларускіх салдат, якія вызвалілі Бацькаўшчыну ад захопнікаў. Чытаючы апавяданне В. Адамчыка «Салодкія яблыкі», хлопчыкі і дзяўчынкі ўсёй душой перажывалі і спачувалі герою твора Тоніку. Іх не пакінулі абыякавымі душэўныя пакуты хлопчыка.

Але найбольшае ўражанне засталося ў вучняў ад зборніка «Ніколі не забудзем». І сапраўды, гэта незвычайная кніга. Яе напісалі самі дзеці, чый лёс быў апалены вайной. Дзеці, равеснікі сучасных школьнікаў, успамінаюць, што прыйшлося перажыць ім у час ваеннага ліхалецця. Якой жа горыччу і болю прасякнуты радкі аповедаў. І ў той жа час, мы бачым ў творах не толькі жахі вайны, зверствы фашыстаў, але і мужнасць маленькіх герояў. За Радзіму яны гатовы аддаць самае галоўнае – сваё жыццё. Прачытанае не магло не закрануць сэрцы вучняў. Як жа яны перажывалі за герояў, як спачувалі ім! «Так не можа быць! Як страшна! Бедныя дзеткі!» – такія словы гучалі ў класе. Ніхто не застаўся раўнадушным на ўроку.

«Дзеці і вайна… Як страшна і недарэчна гучыць такое спалучэнне слоў », – сказалі шасцікласнікі. Я згодна з імі. І каб такое не паўтарылася, трэба помніць!

Трэба помніць, каб жыць у міры і згодзе!

Трэба помніць, каб проста заставацца людзьмі!

Сваё жаданне жыць у мірнай Беларусі, вучні выказалі вершаванымі радкамі:

І хочацца, каб у маёй краіне

Заўсёды панавала цішыня.

Каб выбухі нас не будзілі,

Ды мірная была мая зямля.

Каб кожны беларус мог ганарыцца,

Што міласэрнасць, дабрату мы збераглі.

З суседзямі ніколі не сварыцца,

І разам захаваць мір на зямлі.

Ірына Іосіфаўна ЗЫРАНАВА,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

г. Ліда, школа № 5.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *