Яркае, захапляльнае, пазнавальнае – у гэтым пераканаліся навучэнцы аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем «Нашчадкі», які функцыянуе на базе Паляцкішскай школы.
Тут адпачываюць 20 дзяцей ва ўзросце 11–16 гадоў. Уся дзейнасць дзіцячага калектыву арганізавана ў адпаведнасці з праграмай «Нашчадкі», рэалізацыя якой адбываецца ў цесным узаемадзеянні з пагранічнай заставай «Драбішуны», што робіць адпачынак цікавым і карысным.
Выхавацелі сумесна з вучнямі-старшакласнікамі ладзяць цікавыя мерапрыемствы. Кожны дзень лагера тэматычны – «Сімвалы Беларусі», «Кола гісторыі», «Спорт – гэта здароўе», «Дзень патрыёта».
У Дзень выратавальніка лагер наведалі супрацоўнікі Воранаўскага РАНС. Яны прадэманстравалі пажарны аўтамабіль, расказалі аб сродках пажаратушэння і аб прафесіі ратавальніка, правялі заняткі па вывучэнні правіл карыстання вогнетушыцелем, дзе кожны мог паспрабаваць сябе ў ролі ратавальніка, навучалі дзяцей правілам паводзін у надзвычайных сітуацыях, арганізавалі квэст-гульню «З пункта А ў пункт Б – без здарэнняў».
Фарміраванню грамадзянскіх якасцей школьнікаў садзейнічалі тэматычныя мерапрыемствы з удзелам пагранічнікаў – квэст-гульня «Даставіць данясенне», ваенна-патрыятычная гульня «Зарніца», спартыўныя спаборніцтвы «Моцныя і смелыя», «Цяжка ў вучэнні – лёгка ў баі», экскурсія на пагранзаставу «Салдат салдату – і сябар, і брат».
Цікава прайшлі мерапрыемствы «Жыве на ўсёй планеце народ вясёлы – дзеці», «Я люблю Беларусь», «Вядомыя асобы Беларусі», «Беларускія народныя гульні», дыспут «Патрыёт – гэта…», экскурсія на механічны двор «Паляцкішкі» КСУП э/б «Пагародна», экскурсія ў горад Гродна.
Падчас лагернай змены ўдзяляецца ўвага прафілактыцы шкодных звычак, фарміраванню культуры здароўя, мерам бяспечных паводзін у надзвычайнай сітуацыі.
Педагогі робяць усё магчымае, каб адпачынак у лагеры стаў для дзяцей запамінальным. Згодна з планам работы лагера «Нашчадкі», вучняў чакаюць віртуальныя падарожжы па Беларусі, спартыўныя эстафеты, сустрэча з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў і яшчэ шмат цікавых мерапрыемстваў.
Іван Францавіч ГАБІС,
педагог сацыяльны.
Воранаўскі раён,
Паляцкішская школа.