У прыгожым і багатым на гістарычныя мясціны горадзе Гродна ёсць цудоўны дзіцячы сад з ласкавай і чыстай назвай «Расінка». Дзякуючы намаганням кіраўніцтва тут была створана група, для якой увесь педагагічны працэс праходзіць на беларускай мове.
Своеасаблівай традыцыяй дзіцячага сада сталі беларускія забавы і святы, у якіх прымаюць удзел дзеці рознага ўзросту. Акрамя таго, кожнае лета выхавальнікі арганізоўваюць для дзетак святкаванне дастаткова незвычайных свят. Такі падыход да педагагічнай працы робіць кожны дзень у дзіцячым садку яскравым, а цікавыя падзеі і мерапрыемствы на доўгі час застаюцца ў памяці дзяцей.
Так, у ліпені прайшлі Дзень сюрпрызаў – дзеці са шчырасцю і цікавасцю дарылі адзін аднаму зробленыя сваімі рукамі напярэдадні паштоўкі і розныя вырабы з прыродных матэрыялаў, Дзень працаголіка – разам з выхавальнікамі хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем наводзілі парадак і чысціню ў групе і на вуліцы, і тым самым выпрацоўвалі ў сабе пачуццё адказнасці і працавітасці. У Дзень рыбака педагог распавядаў цікавыя гісторыі пра воднае царства, з дапамогай мультымедыйных сродкаў азнаёміў дзетак з асноўнымі прадстаўнікамі вадаёмаў Беларусі, а для замацоўвання новых ведаў была праведзена інтэрактыўная гульня, а ў Дзень малявання на асфальце ў ход пайшлі рознакаляровая крэйда і фантазія, ўвечары бацькі былі ўражаны мастацкімі здольнасцямі сваіх дзяцей. У Міжнародны дзень тыгра выхаванцы наведалі Гродзенскі заапарк, дзе ўбачылі сапраўдных тыграў і праслухалі невялікі азнаямляльны аповед пра гэтых жывёл, а потым ужо ў дзіцячым садку яны з радасцю малявалі тыграў фарбамі.
Усе святы і мерапрыемствы праходзілі цалкам на беларускай мове, што спрыяла фарміраванню ў дзяцей любові да беларускай культуры.
Святы, якія прыносяць дзецям радасць і весялосць, служаць важным сродкам іх гарманічнага выхавання.
Алена Францаўна ПЫШЫНСКАЯ,
загадчык установы адукацыі.
г. Гродна, яслі-сад № 83.