Час не стаіць на месцы. Вось ужо хутка празвініць першы званок і пакліча дзяцей прадоўжыць вучобу ва ўстановах адукацыі. Дарогамі ведаў пойдуць вучні да здзяйснення сваіх мар і спадзяванняў. Асабліва хвалюючым будзе навучальны год для навучэнцаў выпускных класаў. Шмат новаўвядзенняў чакае іх падчас вучобы, а таксама неабходна вызначыцца са сваім прафесійным будучым.
Летам падлеткі адпачываюць і набіраюцца сіл, аздараўляюцца, а таксама думаюць аб тым, куды пайсці вучыцца пасля заканчэння ўстановы адукацыі. Навучэнцы 10-11 класаў Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы вырашылі выкарыстаць апошнія дні канікул з максімальнай карысцю. Яны здзейснілі вандроўку па мясцінах малой радзімы. Добрае надвор’е і цудоўная кампанія! Што можа быць лепш?
Падчас падарожжа падлеткі наведалі малочна-таварную ферму на 777 дойных кароў пры вёсцы Парэчча, рыбную гаспадарку ААА “РОСТРА”, якая знаходзіцца ў вёсцы Русакі. На ферме яны даведаліся, як наладжана вытворчасць, хто з землякоў працуе і якія прафесіі запатрабаваны сёння і ў перспектыве. Аб правільным доглядзе рыбы, экалагічна правільнай арганізацыі гаспадаркі і ландшафным дызайне паведамілі супрацоўнікі рыбнай гаспадаркі. Не абышлося ў вандроўцы без смачнай юшкі і шашлыка. У вечаровай цішыні каля вогнішча дзеці бавілі час: расказвалі цікавыя гісторыі, спявалі песні пад гітару, марылі аб будучым.
Прыцягваюць падлеткаў гарады і розныя ўстановы адукацыі, дзе можна прадоўжыць вучобу. Радуе сэрца тое, што ёсць жаданне ў нашых выпускнікоў вярнуцца працаваць на малую радзіму. Прыемна, што навучэнцы ўстановы разумеюць важнасць народнай мудрасці “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”. Добра прыносіць карысць на працоўным месцы там, дзе ведаюць цябе ад нараджэння.
Таццяна Віктараўна ЖЫНКО,
класны кіраўнік.
Дзятлаўскі раён,
Хвінявіцкі дзіцячы сад–сярэдняя школа.