Вясёлыя галасы і задорны смех чуюцца ў школьным двары Хвінявіцкай сярэдняй школы. Навучэнцы, іх бацькі, прадстаўнікі грамадскасці сабраліся на ўрачыстую лінейку, прысвечаную пачатку навучальнага года. Традыцыйна на свяце прысутнічае шмат гасцей. Сёлета на свята былі запрошаны Андруцэвіч А.І., Ядэйка А.А., айцец Мікалай, Федарэвіч Г.І.. Андруцэвіч А.І., упраўляючы справамі Дзятлаўскага райвыканкама, падчас лінейкі агучыў рашэнне аб назначэнні на пасаду дырэктара ўстановы адукацыі Цілігузавай Святланы Вячаславаўны. Для ўсіх прысутных гэта вельмі прыемная навіна, таму што Цілігузава С.В. былая выпускніца Хвінявіцкай сярэдняй школы. Яна вучылася ў сценах установы, тут прыняла рашэнне стаць настаўніцай. Пасля заканчэння вышэйшай установы адукацыі вярнулася на малую радзіму. Вялікае шчасце працаваць у роднай школе і прыносіць карысць блізкім, землякам.
Гучаць прыемныя словы віншаванняў, пажаданняў поспехаў у новым навучальным годзе. Вучні першага класа прымаюць падарункі, іх вочы гараць ад жадання атрымліваць новыя веды.
Школьны званок запрасіў навучэнцаў на першы ўрок “Гістарычная памяць – дарога ў будучыню!”, які прысвечаны сёлета Году гістарычнай памяці. Галоўная задача кожнага педагога – выхаванне паважлівых адносін навучэнцаў да гістарычнага мінулага нашай краіны, фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі, пачуцця прыналежнасці да свайго народа, краю.
Таццяна Віктараўна ЖЫНКО.
Хвінявіцкая сярэдняя школа