Сёлета першага верасня сапраўды можна назваць Днём ведаў, таму што першы ўрок “Гістарычная памяць – дарога ў будучае!”, прысвечаны Году гістарычнай памяці, нагадаў навучэнцам аб мінулым Радзімы. Нашы продкі стваралі гісторыю дзеля таго, каб мы, сучаснікі, прыходзілі да найлепшых вынікаў у сваім развіцці, аналізуючы падзеі мінулага, рабілі правільныя вывады і прымалі толькі правільныя рашэнні. Ад нас залежыць будучае краіны.
Падчас урока падлеткі выступалі з міні-паведамленнямі, якія падрыхтавалі загаддзя, выступленні падмацоўваліся тэматычнай прэзентацыяй. Сёння лёгка канстатаваць факты, але складана вынесці ўрок, выказаць сваё меркаванне, таму што грамадства патрабуе ад сучаснікаў быць талерантнымі, спагадлівымі, добрымі і, разам з тым, мы павінны не страціць сваё асабістае, незалежнасць і суверэнітэт дзяржавы. Выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу школьнага музея даў магчымасць асэнсаваць факты праз жыццёвыя падзеі нашых землякоў. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых у Вялікай Айчыннай вайне, ахвяр генацыду беларускага народа.
Год гістарычнай памяці добрая нагода для ўсіх нас яшчэ адзін раз асэнсаваць жыццёвы шлях народа да незалежнасці і ўласнай дзяржаўнасці. Гісторыя краіны паказвае, што гэты шлях быў і гераічны, і трагічны адначасова.
Гістарычная памяць жыве ва ўспамінах сведкаў, кінастужках, карцінах, музычных творах, кнігах, нашым усведамленні. Берагчы і абараняць, памнажаць найлепшыя традыцыі нашай Радзімы – галоўная задача кожнага з нас.
Добрым прадаўжэннем актуальнай размовы стала прамая трансляцыя адкрытага ўрока гісторыі ад Прэзідэнта Беларусі, на якім у анлайн-рэжыме прысутнічалі вучні 10-11 класаў установы. Не было раўнадушных сярод прысутных, так як усё сказанае хвалюе нашых вучняў.
Немагчыма пабудаваць светлае, шчаслівае будучае без захавання памяці аб мінулым!
Таццяна Віктараўна ЖЫНКО.
Дзятлаўскі раён,
Хвінявіцкі дзіцячы сад–сярэдняя школа.