Памятаем імя героя

Из нашей почты Новости

Вёска Свіслач… Зямля, якая для мяне даражэй за ўсё на свеце, самы ўтульны і чароўны куточак, вёска майго дзяцінства, гераічная беларуская зямля з багатай гісторыяй, якая была вызвалена ў ходзе Беластокскай аперацыі, што з’яўлялася часткай аперацыі «Баграціён».

Ліпень 1944 года… У гэтыя дні ішлі жорсткія баі за Гродзеншчыну. Савецкія войскі фарсіравалі Нёман, прарвалі абарону фашыстаў і выйшлі да рубяжоў Гродна. Вёска Свіслач аказалася ў самым цэнтры гэтых падзей. Баі за вызваленне Свіслачы цягнуліся з 16 па 21 ліпеня 1944 года. Упорныя баі вялі салдаты 139-й Раслаўльскай Чырвонасцяжнай ордэна Суворава ІІ ступені стралковай дывізіі, 609-га стралковага палка, 64-й Магілёўскай ордэна Суворава стралковай дывізіі, якая наступала з боку Лунна, 238-й Карачаеўскай Чырвонасцяжнай ордэна Суворава і Кутузава 2 ступені стралковай дывізіі, 380-й Чырвонасцяжнай ордэна Суворава і Кутузава Арлоўскай стралковай дывізіі. З 19 ліпеня 1944 года яна вяла цяжкія баі ў накірунку Лунна, Індура, Свіслач, Кузніца. У жорсткіх баях за вёску Свіслач загінулі 341 салдат і афіцэр. Сярод іх Героі Савецкага Саюза Іван Міхайлавіч Мяльноў, Айткеш Абаевіч Ібраеў і Павел Сяргеевіч Садакоў.

Павел Сяргеевіч Садакоў нарадзіўся ў 1916 годзе ў Кіраўскай вобласці. У Чырвоную Армію быў прызваны ў 1938 годзе. Удзельнічаў у савецка- фінскай вайне (1939-1940 гг.), а з лютага 1942 года ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны ў складзе 1264-га палка 380-й Арлоўскай Чырвонасцяжнай ордэна Суворава стралковай дывізіі 50-й арміі 2-га Беларускага фронта.

Рос баявы лік воіна – павялічвалася і колькасць знакаў воінскай доблесці на яго грудзях: спачатку медалі «За баявыя заслугі» і «За адвагу», затым ордэн «Чырвонай зоркі» і «Айчыннай вайны 2-й ступені».

…Фронт прыбліжаўся да сталіцы Беларусі, часць Паўла Садакова вяла цяжкія баі ў Смалявічскім раёне каля вёскі Пяцігодка. Тут старшы сержант Садакоў паказаў сапраўдны «клас» артылерыйскага майстэрства, яго разлік адбіў адзінаццаць контратак ворага, які прарываўся з мінскага «катла», знішчыў дзве варожыя пушкі і каля 120 немцаў, не лічачы 42-х гітлераўцаў, узятых у палон. Камандаванне палка за гэты бой прадставіла Садакова да звання Героя Савецкага Саюза.

Часць П. С. Садакова рухалася далей на Захад. Ужо стала савецкім Гродна, ужо фарсіраваны Нёман. І тут для камуніста Садакова наступіў апошні бой. Здарылася гэта каля вёскі Карозічы Гродзенскага раёна 21 чэрвеня 1944 года. «Разлік супрацьтанкавай гарматы старэйшага сержанта Садакова нёс страты: жывымі засталіся толькі тры воіны, камандзір быў паранены ў руку. А ворагі набліжаліся… Садакоў дзейнічаў за дваіх: падаваў таварышам снарады і рабіў разлікі на вядзенне агню… Вось, абліваючыся крывёю, упаў на лафет радавы Васіленка. Выбуховай хваляй адкінула ўбок наводчыка Шырлова. Паранены Садакоў застаўся адзін… Аўтаматная чарга гітлераўца, які падкраўся з-за хмызнякоў, падкасіла мужнага артылерыста. Падаючы на зямлю, старэйшы сержант у апошні раз пацягнуў за агнявы шнур гарматы. Раздаўся выстрал…і гармата сціхла. Магутны агонь нашых падраздзяленняў адкінуў гітлераўцаў, але  Паўлу Садакову ўжо не прыйшлося ўбачыць» (з матэрыялаў школьнага краязнаўчага музея). Таварышы пахавалі яго недалёка ад месца гібелі на ўскраіне вёскі Карозічы. Пасля астанкі героя-артылерыста былі перанесены ў брацкую магілу аграгарадка Свіслач.

Загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 года Паўлу Сяргеевічу Садакову было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна.

27 ліпеня 1958 года ў вёсцы Свіслач устаноўлены помнік воінам, загінуўшым пры яе вызваленні: фігура воіна-вызваліцеля, які трымае лаўровы вянок – сімвал мужнасці і смеласці, а ў другой – фуражку. Тут у брацкай магіле захаронены 341 салдат і афіцэр.

Даўно адгрымела вайна. Вырасла новае пакаленне. Дачка Паўла Сяргеевіча Аўгуста, якая ніколі не бачыла бацькі, жыве ў горадзе Кіраве. У 1981 годзе яна са сваёй сям’ёй і сястрой Садакова, Марыяй, наведвалі Свіслач. У школьным музеі захоўваецца падарунак Аўгусты Паўлаўны і ўнука Садакова Юры – кніга «Героі Савецкага Саюза – кіраўчане», дзе ёсць артыкул аб подзвігу старшага сержанта Садакова.

З тых часоў мінула 77 гадоў. Але подзвіг адважнага воіна Паўла Сяргеевіча Садакова ніколі не будзе забыты ўдзячнымі свіслачанамі. Мы памятаем яго за мужны подзвіг на нашай зямлі, дзеля якога ён аддаў сваё жыццё. Яго імя носіць адна з вуліц  горада Гродна, аграгарадка Свіслач, першасная арганізацыя ГА «БРСМ» і дружына БРПА нашай школы. У школьным музеі ёсць экспазіцыя, прысвечаная герою і яго подзвігу. Вялікі знаўца гісторыі краю і энтузіяст музейнай справы Зінаіда Іванаўна Жукоўская, настаўніца гісторыі, разам  са свіслацкімі школьнікамі працягвае важную і патрэбную працу па захаванні памяці пра герояў вайны, пачатую ў 1965 годзе заснавальнікам музея Леанідам Мікалаевічам Жукоўскім, былым  дырэктарам школы.

16 верасня, напярэдадні Дня народнага адзінства, навучэнцы Свіслацкай сярэдняй школы, сумесна з Віктарам Іванавічам Гідраўцом, старшынёй Квасоўскага сельскага выканаўчага камітэта, Ірынай Мікалаеўнай Мажэйка, намеснікам старшыні СВК «Свіслач» па ідэалагічнай рабоце і сацыяльным пытанням, усклалі кветкі ў брацкай магілы загінуўшым воінам у Вялікай Айчыннай вайне. Пасля мітынгу, у рамках абласнога патрыятычнага праекта «Памяць. Адзінства. Перамога», на вуліцы Садакова аг. Свіслач адбылося адкрыццё візуальнай формы ўвекавечання з QR-кодам Герою Савецкага Саюза, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны Паўлу Сяргеевічу Садакову.

Часта наведваю школьны музей. Мне падабаецца пастаяць у цішыні  каля стэндаў з фотаздымкамі, патрымаць старыя пісьмы, кнігі, рэчы. За кожнай з іх – гісторыя, лёс чалавека, лёс маёй Радзімы. І я ведаю, як важна расказваць аб гэтым школьнікам, як важна захаваць памяць аб героях для будучых пакаленняў.

Ганна Сяргеещна ГВАЗДОЎСКАЯ,

настаўніца матэматыкі.

Гродзенскі раён, Свіслацкая школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *