«Як ты дорага мне, мая родная мова!»

Из нашей почты Новости

Пад такой яскравай назвай распачаўся сёлета тыдзень беларускай мовы. Як трапна і ўсеабдымна сказаў паэт! І сапраўды, мова – не проста сродак зносін, з дапамогай якога людзі наладжваюць сувязі, абменьваюцца інфармацыяй, яна – своеасаблівае люстэрка жыцця народа, яго грамадскага i культурнага развіцця. Матчына мова, родная мова! Менавіта так, шаноўна і ласкава вучні і настаўнікі Валеўскай школы называюць гэты бясцэнны духоўны набытак.

Беларуская мова ў нашай установе адукацыі займае самае пачэснае месца, таму тыдзень беларускай мовы і літаратуры – гэта жаданне і магчымасць усіх і кожнага ячшэ раз выказаць сваё шанаванне «мілагучнаму, звонкаму, спеўнаму слову». Святочны настрой нашаму мерапрыемству надаюць з любоўю аздобленыя тэматычныя выставы і фотазоны, цэлы тыдзень на перапынках гучыць прыгожая беларуская музыка, песні. Актуальнасць тыдня падкрэсліваецца яшчэ і тым, што да ўсіх мерапрыемстваў актыўна далучаюцца супрацоўнікі школы, бацькі, а ганаровым госцем падчас адкрыцця стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры А. А. Жукоўская, ветэран педагагічнай працы.

Мы – беларусы, бо нарадзіліся ў Беларусі… А ці дастаткова гэтага? Канешне не, каб назваць сябе беларусам, трэба значна больш, чым проста нарадзіцца тут. Бясспрэчна, мы павінны ведаць гісторыю і культуру свайго народа, якая надзвычай багатая i самабытная. Яна ўвасоблена ў поўных чароўнага хараства песнях, у афарбаваных міфічнасцю легендах, паданнях, мудрых прыказках, у адмысловых загадках. Таму невыпадкова добрым працягям нашага прадметнага тыдня стала квэст-гульня «Фальклор, фальклор – душа народа», якая садзейнічала далучэнню вучняў розных узростаў да беларускай нацыянальнай культуры праз творы вуснай народнай творчасці, якія змалку ўваходзяць у дзіцячае жыццё, каб застацца там назаўсёды. Бо менавіта  на прыкладзе знаёмых вобразаў праз казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі, прыкметы, павер’і, праз іх нескладаныя сюжэты, якія перадаюць жыццёвы вопыт і маральна-практычную філасофію народа, выхоўваецца вера ў дабро, справядлівасць, раскрываюцца маральна-этычныя погляды беларусаў, што так сугучна  выхаванню пачуцця патрыятызму.

«У жывой душы жыве дзівоснае дзіва… Дзіву гэтаму імя – чароўнае слова», – так прыгожа сказаў беларускі паэт-франтавік Антон Бялевіч. Так, слова – сапраўднае дзіва, таму, што словам можна выказаць усё, аб чым чалавек думае, марыць. У гэтым мы яшчэ раз пераканаліся падчас стварэння калектыўнага воблака слоў «Маё любімае слова па-беларуску», работы інтэрактыўнага тэматычнага прыпынку «Смак роднай мовы», конкурса творчых работ «За што я люблю родную мову», прэзентацыі віншавальных паштовак «Пажаданні роднай мове». Вучні сярэдніх і старэйшых класаў актыўна ўключыліся ў правядзенне ўсебеларускай анлайн-акцыі «Мая родная мова, ганаруся табой». А дашкольнікі і вучні пачатковых класаў адправіліся ў чароўнае падарожжа пад назвай «Казку ўзгадаеш – прыз атрымаеш», дзе кожны меў магчымасць праявіць сваю эрудыцыю ў веданні беларускіх народных казак. Усе без выключэння паказалі актыўнасць і кемлівасць, таму ніхто не застаўся без салодкіх прызоў.

Лірычным, паэтычным, песенным і натхнёным быў апошні дзень, прысвечаны нашай любімай роднай мове – гэта агульнае ўражанне гасцей і ўдзельнікаў творчай імпрэзы – літаратурнай гасцёўні пад назвай «З легендаў і казак былых пакаленняў…», прысвечанай 110-гадоваму юбілею з дня нараджэння Максіма Танка, мастака невычарпальна багатага таленту з ярка лірычным дараваннем. У незвычайна святочнай, рамантычнай абстаноўцы адбылося знаёмства вучняў старэйшых класаў з жыццём і творчасцю нашага нацыянальнага паэта. Пранікнёна гучалі радкі вершаў, прысвечаныя Бацькаўшчыне, мове, прыродзе роднага краю, якія зачароўваюць, натхняюць, узбагачаюць і неяк асабліва шчыра вучаць любіць сваю Радзіму. Прыгожым і арыгінальным завяршэннем тыдня стаў марафон беларускіх песень пад крэатыўнай назвай «Мова родная – мова модная». Больш за ўсіх авацый дасталося песні «Я – дзяўчыначка-беларусачка» у выкананні вучаніцы 10-га класа Яўгеніі Скрундзь.

Нечаканым падарункам для нас стаў майстар-клас ад супрацоўнікаў Навагрудскага тэлебачання Нова-ТВ, падчас якога юныя карэспандэнты нашага школьнага тэлецэнтра вучыліся прафесійна здымаць рэпартажы ў тым ліку і пра наш тыдзень роднай мовы.

Як добра, што мы можам даць падрастаючаму пакаленню рэальную магчымасць усвядоміць высокую каштоўнасць сваіх адносін да гісторыі і культуры роднага краю, пачуцця свайго дачынення да яго мінулага і сучаснасці, разумення сваёй адказнасці за будучыню нашай краіны. Хацелася, каб і дарослыя, і дзеці глыбей усвядомілі: яны беларусы, у іх ёсць свая мова, непаўторная, мілагучная, якую трэба ведаць і шанаваць, каб пакінуць у спадчыну сваім дзецям.

Ірына Міхайлаўна РАЧКО,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

Навагрудскі раён,

Валеўская школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *