У рамках тыдня беларускай мовы і літаратуры «Як ты дарага мне, мая родная мова» і з мэтай выхоўваць павагу, любоў да традыцый і звычаяў нашых продкаў, да гісторыі беларускай кухні, зацікавіць прыгатаваннем спрадвечна беларускіх страў у нашай школе для пачатковых класаў прайшоў гастранамічны фэст «Беларуская нацыянальная кухня».
Беларуская нацыянальная кухня – гэта спадчына, якую пакінулі нашы продкі. Яна складалася на працягу шматлікіх вякоў і мае сваю гісторыю, традыцыі, асаблівасці, прыкметы і ўнікальнасць.
Кожны клас рыхтаваў розныя беларускія стравы, знаёміў з цікавымі рэцэптамі, якія засталіся ад бабуль. Страў на сталах было не злічыць: дзяруны, цыбрыкі, аладушкі з мёдам, малінавым варэннем, смятанай, бабка са шкваркамі, бабка, вялікі блін, халаднік, пызы (суп малочны з клёцками), калдуны, дранікі, піражкі з бульбянога пюрэ, сала, жараная рыба, салёныя гуркі, цыбуля, малако ў глячку, яблыкі, грушы, хатні хлеб. Многія вучні дапамагалі матулям з іх прыгатаваннем, а некаторыя, нават, зрабілі іх самі.
Трэба адзначыць, што дзеці з вялікай адказнасцю аднесліся да падрыхтоўкі-абароны сваіх страў: сустракалі ў беларускім нацыянальным адзенні, загадвалі загадкі, расказвалі прымаўкі, дзяліліся сакрэтам прыгатавання стравы, расказвалі на якіх сямейных святах гэту страву можна ўбачыць на стале, гісторыяй паяўлення стравы, праводзілі гульні.
Адным з яркіх момантаў стала дэгустацыя. Хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікім апетытам каштавалі стравы сваіх сяброў. І нават пыталі рэцэпты, каб пасля расказаць сваім родным. Акрамя гэтага, сваімі стравамі пачаставалі настаўнікаў, тэхработнікаў і гасцей свята.
Але самае галоўнае на гэтым свяце стала тое, што мы змаглі выклікаць цікавась не толькі вучняў, але і бацькоў да гісторыі беларускай кухні, сфарміраваць павагу да мінулага нашых продкаў, выклікаць жаданне шанаваць і берагчы традыцыі нацыянальнай кухні Беларусі.
Валянціна Іванаўна МІХАЙЛОВА,
кіраўнік школьнага МА настаўнікаў пачатковых класаў.
Астравецкі раён,
Альхоўская школа.