У Шчорсаўскай школе актыўна праходзіў Тыдзень роднай мовы «Як ты дорага мне, мая родная мова!».
Агульны цёплы, душэўны настрой надаў усяму тыдню першы дзень, які прайшоў пад дэвізам «Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску». З самай раніцы пачаліся сюрпрызы: павітайся па-беларуску – атрымай беларускую цукерку. На на перапынках паміж урокамі ішоў марафон «Мова родная – мова модная»: гучалі запісы беларускіх народных песень і песень беларускіх кампазітараў.
У бібліятэцы аформілі выставу вучэбнай літаратуры па беларускай мове «Сэрцам роднага слова краніся», а таксама тэматычны куток «Прайсці праз вернасць», прысвечаны 110-годдзю з дня нараджэння Максіма Танка. Дзеці з задавальненнем чыталі на памяць вершы пра родную мову, бралі ўдзел у творчай акцыі «Чытаем Максіма Танка разам».
У школьным музеі прайшла віртуальная сустрэча з нашымі землякамі, майстрамі слова Янкам Нёманскім і Янкам Паддубіцкім. Вучні з цікавасцю знаёміліся з экспанатамі экспазіцыі «Славутыя землякі», чыталі ўрыўкі з апавяданняў Янкі Нёманскага «Над Кроманню», «Рамэа і Джульета на Беларусі», вершы з кнігі паэзіі Янкі Паддубіцкага «Наднёманскі роздум».
Вучням быў паказаны відэасюжэт «Натхнёны Бацькаўшчынай», прысвечаны 80-годдзю славутага земляка, прафесара паліталогіі І. І. Катляра.
Плённа папрацавалі ўсе. У пачатковых класах прайшла квэст-гульня «Фальклор – душа народа». Навучэнцы 5–11-х класаў удзельнічалі ў конкурсе творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю ». Для вучняў 9–11-х класаў пераможца абласнога конкурсу даследчых работ «Крыштальная Альфа» дзесяцікласніца Кацярына Раманюк прэзентавала сваю працу «Прадзедаў слова гаваркое».
Напрыканцы тыдня прайшла прэзентацыя віншавальных паштовак «Пажаданні роднай мове».
Мікалай Аркадзьевіч АНТОНЧЫК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры.
Навагрудскі раён,
Шчорсаўская школа.