Менавіта пад такой назвай прайшоў тэматычны занятак для вучняў 7-га класа Валеўскай школы. Для наведвальнікаў гасцінна расчыніў свае дзверы Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Дар».
Цікавая і змястоўная экскурсія па залах музея не толькі пазнаёміла вучняў з гісторыяй станаўлення сістэмы адукацыі на Навагрудчыне, але і паглыбіла веды па прадмету гісторыя Беларусі. Да глыбіні душы кранула сэрцы юных наведвальнікаў экспазіцыя «Пісьмы з фронту». З хваляваннем дзеці трымалі ў руках лісты- трохвугольнікі, чыталі іх. Якое ж захапленне выклікала кніга вышытых лістоў!Дарэчы, яе аўтары вучні Навагрудскага раёна. Колькі любві і ўдзячнасці ў гэтай дзіцячай працы.
Працягам тэмы Вялікай Айчыннай вайны стала выстава макетаў вёсак, якія былі спалены ворагам на Навагрудчыне. Выстава «Сёстры Хатыні. Навагрудчына» ўразіла высокім прафесіяналізмам выканання. Яна стала для наведвальнікаў жывым прыкладам слоў «Нет права на забвение!». Аўтары макетаў вучні і настаўнікі Навагрудчыны. Слухаючы расказ Т. К. Анікевіч аб жахах вайны, дзеці былі крануты да слёз.
Лагічным завяршэннем тэмы Вялікай Айчыннай вайны стала наведванне выставы «Цягнік Памяці». Вучні пераканаліся ў тым, як важна захаваць памяць аб тых, хто абараняў нашу Радзіму ў гады вайны, хто аддаваў сваё жыццё, каб мы жылі ў мірнай, спакойнай дзяржаве.
Вялікі дзякуй усім супрацоўнікам цэнтра за такі ўрок Памяці ў суботні дзень.
Тамара Мікалаеўна СУРАГА,
настаўнік гісторыі.
Навагрудскі раён,
Валеўская школа.