Перад сучасным настаўнікам стаіць важная задача – фарміраванне ў вучняў пачуцця прывязанасці да тых месцаў, дзе яны нарадзіліся і выраслі, паважнага стаўлення да гісторыі Радзімы, веданне традыцыў свайго народа. Вывучэнне роднага краю – гэта не толькі пазнанне сваёй мінуўшчыны, але і грамадзянскае выхаванне моладзі.
Краязнаўства спрыяе выхаванню маралі маладых людзей, годнасці і адказнасці за сваю Радзіму, садзейнічае фарміраванню разумення нацыянальнай культуры, яе каштоўнасцей.
З мэтай вывучэння роднага краю вучні 7-х класаў школы № 5 г. Ліды разам з класнымі кіраўнікамі наведалі гісторыка-краязнаўчы музеў «Час. Падзеі. Людзі», які знаходзіцца ў Крупаўскай школе.
На школьнай пляцоўцы сустрэў гасцей кіраўнік музея, настаўнік гісторыі Іван Барысавіч Гівойна, які расказаў цікавыя звесткі пра вёску Крупава і яе жыхароў, пра касцёл Святой Троіцы.
Далей Іван Барысавіч запрасіў нас ў памяшканне, дзе размешчаны экспазіцыі музея. І першае, з чым сустрэліся вучні, быў этнаграфічны куток «Сялянская хатка». Кіраўнік музея паказаў цікавыя рэчы побыту беларускіх сялян. І не толькі паказаў, але і расказаў, для чаго выкарыстоўвалі пралку, страхару, бязмен і іншыя прылады працы.
Адзін з аддзелаў музея прысвечаны нашаму земляку, чалавеку, імя якога сёння вядома ва ўсім свеце – Ігнату Дамейка. Вучні з захапленнем слухалі Івана Барысавіча, які расказаў пра дзейнасць І. Дамейкі ў Рэспубліцы Чылі. У экспазіцыі прадстаўлены кнігі з аўтографамі славутых вучоных Беларусі, Літвы, Польшчы, калекцыя мінералаў, навуковыя працы.
Зацікавіла ўсіх экспазіцыя «Нашы землякі – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны». Вучні даведаліся, што быўшы настаўнік Крупаўскай школы В. А. Волчак прайшоў дарогамі вайны, быў удзельнікам партызанскага руху на Віцебшчыне.
Шмат цікавага расказаў Іван Барысавіч пра сваю школу, яе настаўнікаў, выпускнікоў, даследчую дзейнасць, пра векавыя традыцыі. Прыемна было слухаць чалавека, адданага сваёй працы, Бацькаўшчыне, для якога жыццё – гэта пошукі, адкрыццё новага.
Нашы вучні прыйшлі да вываду: вывучэнне гісторыі роднага краю, веданне традыцый свайго народа, імёны славутых землякоў – гэта шлях да пазнання самога сябе.
Лілія Люцыянаўна УГЛІЦКІХ,
класны кіраўнік 7-га класа «Б»,
Ларыса Сяргееўна ПАЎЛЮКЕВІЧ,
класны кіраўнік 7-га класа «А».
г. Ліда, школа № 5.