Якуб Колас – найпрыгажэйшая кветка Палесся

Из нашей почты Новости

Шумяць па-новаму дубровы –

На край свой люба мне зірнуць.

Цябе, зямля ў адзенні новым,

Хацеў бы к сэрцу прыгарнуць!

Якуб Колас.

Літаратурна-творчая сустрэча да 140-годдзя народнага паэта Беларусі Якуба Коласа адбылася ў музычнай зале Мазырскага дзіцячага дома.

…Гучыць песня «Мой родны кут» у выкананні ансамбля «Песняроў». Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія прыйшлі на сустрэчу крышачку раней, з задавальненнем падпяваюць знаёмыя радкі песні. Прыемная асалода ад беларускага слова, ад мовы нашай мілагучнай – адлюстроўваюць добразычлівыя погляды дзяцей. Пачынае свята Паша Ігнаценка, ён чытае ўрывак «О край родны, край прыгожы!..» з паэмы « Сымон-музыка». 

Потым выйшлі два хлапчукі, апранутыя ў беларускае адзенне. Яны па чарзе данеслі да слухачоў біяграфічныя звесткі народнага паэта. Суправаджэнне відэасюжэтаў перанесла ўсіх у родныя мясціны – туды, дзе нарадзіўся, дзе прайшло дзяцінства хлапчука Кастуся Міцкевіча. Вызваў інтарэс ў дзяцей запіс жывога голаса Якуба Коласа, які ў сваім выступленні ў далекім 1952 годзе распавядаў пра родную мову, пра цяжкае яе станаўленне. Пасля гэтага пачаліся гучныя літаратурныя чытанні вершаваных твораў паэта. Дзеці стараліся чытаць  выразна, з нейкай індывідуальнай інтанацыяй, з душэўным эмацыянальным надхненнем.

Далей звярнулі ўвагу на кіжную выставу пад прыгожай назвай «Уладар беларускага слова».  Аглядалі фотаздымкі пісьменніка, гучна называлі выданні, творы. Затым была творчая работа. Дзеці адбіралі сабе прыгатаваныя з каляровай паперы лісточкі – хто кляновыя, а хто дубовыя, пісалі на іх некалькі  вершаваных радкоў з твораў Якуба Коласа, ды размалёўвалі ронакаляровымі ўзорамі. Гэтымі лісточкамі ўпрыгожылі кніжную выставу мастацкай літаратуры нашага юбіляра. Гэта – наш падарунак  Якубу Коласу ў дзень яго нараджэння.

Ушанаванне памяці вялікага нацыянальнага песняра, ушанаванне яго творчасці, яго любові да бацькаўшчыны, да мовы роднай – дае нам моц ганарыцца сваей роднай краінай, песняром зямлі беларускай, славутым сынам беларускага слова.

Алена Станіславаўна КАСЦЯНКА,

бібліятэкар.

г. Мазыр, дзіцячы дом.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *