У гасцях у Коласа

Из нашей почты Новости

Напярэдадні 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа, у нашай установе адукацыі прайшоў фестываль інсцэніровак «Сцяжынкамі коласавых твораў».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел вучні 1–11-х класаў. Увазе гледачоў былі прадстаўлены вершы для дзяцей «Юрка і кот», «Дзед і зайчык», тры ўрыўкі з паэмы «Новая зямля», дзве казкі «Баба і чорт» і «Дудар». Вучні разам са сваімі класнымі кіраўнікамі з энтузіязмам падышлі да справы. А таму і вынік дадзенай працы атрымаўся выдатны.

Ужо пры праглядзе першай інсцэніроўкі гледачы акунуліся ў загадкавы і таямнічы свет коласавых твораў. Ствараць чароўную атмасферу артыстам дапамагалі каларытныя народныя касцюмы, трапныя дэкарацыі, музычнае суправаджэнне і ўменне пераўвасабляцца ў сваіх персанажаў. Адзін за другім ажывалі коласаўскія героі.

Не паспелі гледачы паспачуваць капрызнаму хлопчыку Юрку, у якога хатні каток знянацку адабраў кавалачак сыру, як ужо падтрымка спатрэбілася саманадзейнаму зайчыку, якога так лоўка перахітрыў нямоглы, як здавалася на першы погляд, старэнькі дзядок. А што ўжо казаць пра эпізоды са знакамітага «Дарэктара»?  Адна справа чытаць твор на ўроках літаратуры, і зусім іншая – убачыць і нават дакрануцца да строгага бацькі Міхала і заўсёды добрага, з хітраватай усмешкай дзядзькі Антося.

Ну а пра беларускія народныя казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа ўжо і гаварыць не даводзіцца. Дзед і баба, злосная вясковая сплетніца, чорт, пан і дудар… Гэтыя персанажы з дзяцінства  выклікаюць ва ўсіх беларусаў цёплае пачуццё радасці, пяшчоты і любові да нашай вуснай народнай творчасці. Творчасці, якая вучыць дабру і справядлівасці і выхоўвае найлепшыя маральныя якасці. Адным словам, сустрэча з Коласам – гэта заўсёды свята. Па-сапраўднаму ўражвае той факт, што напісаныя болей за сто гадоў назад творы, не трацяць сваёй актуальнасці ў нашыя дні і знаходзяць водгук у сэрцах сучаснай молодзі.

Алена Мікалаеўна МІХАЛЕНЯ,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

Салігорскі раён,

Пагосцкі дзіцячы сад–сярэдняя школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *