Шосты школьны дзень навучэнцы Раклевіцкай базавай школы правялі ў Мінску. Усе наведаныя месцы выклікалі вялікую цікавасць, але кожны з нецярпеннем чакаў кульмінацыйнай часткі экскурсіі. А ёй з’яўляўся хакейны матч КХЛ паміж нашай любімай камандай «Дынама» (Мінск) і гасцямі сталіцы з Яраслаўя, хакейнай дружынай «Лакаматыў».
Перад экскурсіяй было праведзена бліц-апытанне «Угадаю лік». У ім прынялі ўдзел не толькі навучэнцы і педагогі, але і жыхары нашага раёна, якія захапляюцца хакеем. Пераможцам незвычайнага спаборніцтва стаў вучань 6-га класа Максім Карпач. Толькі ён здолеў даць правільны адказ.
Лік 5:2 на карысць «Дынама» стаў магчымым з-за вялікай самаадданасці беларускіх хакеістаў. Трывалая абарона, імклівыя атакі, галы на любы густ зрабілі матч настолькі захапляючым, што ўсе 14 000 гледачоў часта ўставалі, скандыруючы магутнае «Дынама!», запускалі «хвалі» і ўзнагароджвалі хакеістаў авацыямі за кожны забіты гол. Ад выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь да апошняй хвіліны матча нашых навучэнцаў не пакідалі патрыятычныя пачуцці да беларускага спорту і нашай краіны.
Да пабачэння, «Мінск-Арэна»! Вельмі хутка мы зноў зоймем свае месцы на тваіх трыбунах! Спадзяёмся, што наша падтрымка дапаможа «Дынама» атрымаць перамогу над новай камандай лігі КХЛ.
Наталля Аляксандраўна СОКАЛ,
класны кіраўнік 8-га класа.
Дзятлаўскі раён,
Раклевіцкая базавая школа.