Маленькія жыхары Маскоўскага раёна, якія наведваюць дзіцячыя сады, весела і займальна бавяць час не толькі пад наглядам выхавальнікаў. «Урокі бяспекі» для хлопчыкаў і дзяўчынак ладзяць і выратавальнікі. Днямі яны завіталі ў госці да выхаванцаў дзіцячага сада № 412.
Разам з работнікамі службы «101» дзеткі вывучаюць правілы бяспекі ў садзе, дома і на вуліцы, на гульнявых пляцоўках, у лесе, каля вадаёмаў, будаўнічых пляцовак і пясчаных кар’ераў. Асобна разгледжваюца тэмы «свавольстваў» з запалкамі і вогнішчамі, рызыкі гульняў каля адчыненых вокнаў, з бытавой хіміяй і электрапрыборамі. Падчас тэматычных гульняў выхаванцы дзіцячых садкоў адпрацоўваюць навыкі выкліку экстраных службаў, эвакуацыі з задымленых памяшканняў, дзеянні пры ўзнікненні розных надзвычайных здарэнняў. Карысныя забавы з выратавальнікамі дапамагаюць дзецям значна папоўніць і абнавіць капілачкі ведаў важных правілаў паводзін у розных сітуацыях і ўмовах, якія абавязкова паспрыяюць іх бяспечнаму дзяцінству! Эстафету бяспекі выхаванцы дашкольных устаноў Маскоўскага раёна прымаюць актыўна, з радасцю і жвавасцю.
Таццяна ГАЛУШКА,
старэйшы інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Маскоўскага РАНС г. Мінска.