Нельга забыць!

Год исторической памяти Из нашей почты Новости

У свеце сённяшніх рэалій становіцца ўсё больш зразумелым,  як хутка і проста можна змясціць акцэнты, падмяніць адны паняцці другімі і ўрэшце перапісаць гісторыю вайны. Вось таму, каб не дапусціць гэтага, каб не атрымалася так, што новыя пакаленні будуць вывучаць гісторыю па перапісаных, іншых падручніках, трэба рабіць усё магчымае, каб не наступіла гістарычнага забыцця.

Мы не маем права забыць  тых, чый лёс апаліла вайна, мы абавязаны аддаць даніну памяці ўсім, хто здабыў Вялікую Перамогу, хто безыменным спіць у брацкіх магілах, хто прапаў без вестак. За гады акупацыі фашысты замучылі і расстралялі 2680 нашых землякоў, 958 мастаўчан не вярнуліся з фронту, 114 загінулі ў партызанскіх атрадах, 758 ураджэнцаў Мастоўскага раёна былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Гісторыя – гэта наша памяць!

У нашым школьным народным гісторыка-краязнаўчым музеі сабрана шмат матэрыялу пра гісторыю, некаторыя экспанаты ўнікальныя. Аформлена выстава “Яны вызвалялі Пескі”. Мы ведаем, што пры вызваленні нашай вёскі вызначыўся камандзір 1174-га стралковага палка 348-й стралковай дывізіі палкоўнік Іван Іванавіч Далматаў. Асабістым прыкладам ён натхняў  салдат на подзвігі. Навучэнцы адшукалі інфармацыю пра байцоў палка, якія  праявілі мужнасць  у баях у раёне вёскі Пескі. Гэта зампаліт батальёна капітан Сасноў, начальнік штаба капітан Рашкуеў. Па-геройску праявіў сябе старшы лейтэнант медслужбы Аляксандр Стураў, які загінуў у баі за нашу вёску. Пасмяротна ён быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені. Намі было ўстаноўлена, што капітан Андрэй Аленічаў забіты 13 ліпеня 1944 года. Пасмяротна быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені. У музеі ёсць экспазіцыя, прысвечаная юным героям Мастоўшчыны, якія разам з дарослымі змагаліся з ворагам. Гэта Аляксандр Ацьман з Дараглян, Алена Дзямешчык з Мастоў, Васіль Рудзяк з Міжава, Сямён Ануфрык з Малых Азёрак, Васіль Калоша з Курылавіч, Ніна Хомка з Гудзевіч, Федзя Шостка з Раўкоў, Ліда Вашкевіч з Міклашоўцаў, Зіна Буркас з вёскі Струга, Леанард Седзянеўскі з Навасёлак, Міхаіл Белуш з Руды Ліпічанскай. Падлеткі дастаўлялі медыкаменты, распаўсюджвалі лістоўкі, збіралі звесткі аб размяшчэнні нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў, даставалі боепрыпасы, хадзілі ў разведку, наладжвалі сувязі з мясцовымі жыхарамі, даставалі паперу для лістовак і падпольных газет, захоўвалі сцягі.

Падчас вайны на тэрыторыі нашага раёна, як і па ўсёй Беларусі, фашысты ўстанавілі новы “парадак” – рэжым тэрору, насілля і рабства.  У 1942 годзе за сувязь з партызанамі эсэсаўцы ўчынілі жорсткую расправу над 85 жыхарамі вёскі Шчара.  85 ні ў чым не павінных старых і дзяцей (некаторыя з іх былі закапаны ў магілу жывымі) сталі ахвярамі нямецкіх салдат. Кожны школьнік  нашай школы ведае, што самым страшным у ваеннай гісторыі Песак стаў лістапад 1942 года, калі фашысцкія акупанты вывезлі каля 2 000 яўрэеў, якія да вайны пражывалі ў Песках, а 23 чалавекі былі спалены жывымі.  Княжаводцы… Да 23 ліпеня 1943 года гэта была вялікая вёска з амаль тысячай жыхароў! Але фашысцкія карнікі за адзін дзень сцерлі яе з твару зямлі. Дзеці, жанчыны, старыя людзі знайшлі апошні прытулак у агульнай магіле на высокім беразе Нёмана. 970 мірных жыхароў немцы расстралялі і наспех прыкапалі, а вёску спалілі. Але, баючыся адказнасці за сваё зверства, пазней вярнуліся, раскапалі магілу і спалілі астанкі людзей… І такіх фактаў бесчалавечнасці фашызму, генацыду нашага народа  можна прыводзіць шмат. Што зрабілі гэтыя ні ў чым непавінныя людзі? Якую небяспеку для нямецкага рэйха яны ўяўлялі? Да якой ступені ўзыходзіла нялюдскасць фашызму, калі салдат забіваў безабаронных людзей? Гэтыя пытанні да гэтага часу застаюцца без адказу. Але мы ведаем, што трагедыя, якая забрала мірныя жыцці, незагойнай ранай назаўжды застанецца ў нашых сэрцах і будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне. У Рэспубліцы Беларусь прыняты Закон  “Аб генацыдзе беларускага народа”. Ён прадугледжвае ўстанаўленне ўсіх фактаў генацыду і асоб, вінаватых у іх здзяйсненні, увекавечанне памяці ахвяр генацыду беларускага народа і ўвядзенне адказнасці за адмаўленне генацыду. Мы павінны помніць пра генацыд беларускага народа. Генацыд быў накіраваны на тое, каб знішчыць наш народ, адабраць яго гістарычную памяць. Мы нашчадкі людзей, якія заваявалі для нас Перамогу. Моладзь павінна ведаць не толькі якой цаной яна дасталася, але  і якія жахі і пакуты прыйшлося перажыць нашаму народу. На Мастоўшчыне дастойна ўвекавечана памяць загінуўшых. Знаходзяцца ўсё новыя факты, якія сведчаць пра бесчалавечнасць гітлераўцаў і пра мужнасць і гераізм нашага народа. Варта  расказваць пра іх падрастаючаму пакаленню.

 

 

Наш свяшчэнны абавязак – захаваць памяць аб гераічных і трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Памяць і праз гады аб’ядноўвае пакаленні, робіць нас непераможнымі перад тварам выпрабаванняў. Мы нізка кланяемся ветэранам вайны, усім загінуўшым за сённяшні мірны дзень. Для нас яны заўсёды будуць прыкладам мужнасці, адвагі, любові і адданасці свайму народу і Айчыне.

Галіна Іосіфаўна ГАЛАВЕНКА,

класны кіраўнік 10-га класа.

Мастоўскі раён, Пескаўская школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *