Час увагі для кожнага

Из нашей почты Новости

Зімовы час, як ніякі іншы, дарыць усім шмат радасці, цёплых сустрэч, а яшчэ добрага чараўніцтва, якое здзяйсняюць дарослыя і дзеці. Ніхто ў гэтыя дні не застаецца без увагі і падарункаў. У нашай краіне на працягу многіх гадоў у дні калядных і навагодніх святаў праходзяць выдатныя акцыі «Нашы дзеці», «Цуды на Каляды».

Навучэнцы Правамастоўскай школы з’яўляюцца іх актыўнымі ўдзельнікамі. Сёлета дадзены старт яшчэ адной новай акцыі – «Ад усёй душы» – для людзей старэйшага пакалення. Валанцёры, члены БРПА і БРСМ заўсёды з асаблівай увагай ставяцца да пажылых і людзей з абмежаваннямі, падтрымліваючы іх добрым словам, пасільнай дапамогай, прыхарошваючы іх адзіноту, асабліва ў зімовы час.

У нашай установе адукацыі ёсць падшэфныя – карыстальнікі сацыяльных паслуг ДУ «Курылавіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў», у якім на сённяшні дзень пражывае 69 чалавек. Нашы вучні вось ужо дванаццать гадоў супрацоўнічаюць з установай, сустракаючыся ў будні і святы, праводзячы розныя мерапрыемствы, рэалізуючы сумесныя праекты.

Рэспубліканская акцыя «Ад усёй душы» – яшчэ адна значная нагода наведаць нашых падшэфных пажылых жыхароў і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія пражываюць у доме-інтэрнаце. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем падрыхтавалі для іх мерапрыемствы. Цікава і весела прайшла конкурсна-забаўляльная праграма «Вясёлае Навагоддзе», падрыхтаваная валанцёрамі, членамі БРСМ, акцябратамі і піянерамі. Былі падрыхтаваны музычныя нумары, дзе выканаўцамі былі і дзеці, і жыхары дома-інтэрната. Тэматычныя гульні і конкурсы каля навагодняй елкі былі з радасцю прыняты ўсімі прысутнымі ў зале. Пажылыя і нават людзі з абмежаваннямі з задавальненнем спаборнічалі ў рухомых святочных эстафетах і конкурсах, нягледзячы на асаблівасці здароўя нават мала мабільныя справіліся з імі на выдатна. Для тых, у каго вялікія цяжкасці з перамяшчэннем, былі прапанаваны інтэлектуальныя спаборніцтвы. У зале панавала радасная святочная атмасфера, здавалася, што ад смеху і ўсмешак стала яшчэ святлей і цяплей. Зазірнулі на свята з пажаданнямі і падарункамі, вядома ж, і традыцыйныя госці – Дзед Мароз і Снягурка.

Развітваліся арганізатары і удзельнікі свята эмацыянальна, з надзеяй на хуткую сустрэчу, якая абавязкова адбудзецца ў бліжэйшы час!

Галіна Іванаўна ДРАВІЦА,

педагог-арганізатар.

Мастоўскі райн,

Правамастоўская школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *