Пад такой назвай мы правялі класную гадзіну, а распачалі размову песняй пра сяброўства “Если с другом вышел в путь”.
Сябры аднакласнікі, сябры аднавяскоўцы, двухногія і чацвяраногія хатнія любімцы – гэта наш занятак у вольны ад урокаў час, наш актыўны адпачынак на свежым паветры, рухомыя гульні. Зіма — час забаў. Як здорава катацца на лыжах ці санках разам! Як весела гуляць у снежкі! Шкада, што снег сёлета не трывалы, хутка растае.
Час, які мы праводзім на вуліцы з надыходам халадоў, паменшыўся, рэжым дня кожнага з нас, у сувязі з гэтым, змяніўся. Больш сурёзна адносімся мы да рыхтавання хатніх заданняў па прадметах і на іх падрыхтоўку трацім менш часу, бо за акном цямнее хутчэй, а, значыць, і спаць мы кладземся раней.
Вядома, мы не забываем пра правілы бяспекі знаходжання на вуліцы ў зімовы час: шапкі, рукавіцы, цёплыя шарфікі, курткі і чаравікі. Ад моцнага марозу і ветру нас абараняе высокі каўнер, цёплы капішон і доўгі мяккі шарф.
Змяніўся рэжым дня і ў хатніх любімцаў. Прагулкі па заснежаным двары сталі карацейшыя, адзенне змянілася на зімовае. Час знахождання на вуліцы залежыць ад пароды, узросту сябра нашага меньшага.
Мы часта бачым, як ціснуцца да цёплых трубаў, прыпадаюць да зямлі ці вартуюць з жаласнымі вачамі ў крамаў бяздомныя каты і сабакі. Колькі разоў пры сустрэчы бяздомных жывёл на вуліцы ў нас сціскалася сэрца — асабліва ўзімку, калі няшчасных звяроў мучыць не толькі голад, але і холад. Палегчыць долю братоў нашых меншых не складана. Самае важнае – гэта гарачае харчаванне. Каты пры наяўнасці звычайнага гарачага харчавання спакойна пераносяць халады. Зімой яны становяцца пухнацей, у іх адрастае дадатковы падшэрстак. Для іх кармлення падыходзяць сасіска, гарачая каша, гарачае малако. Можна нават купіць самы танны сухі корм і заліць яго гарачай вадой. Другі важны момант – месца знаходжання. Самы лепшы варыянт для катоў — адкрываць на зіму для іх склеп дома. Для сабакі — змайстраваць будку. Яшчэ адзін просты спосаб зрабіць жыццё бяздомных жывёл лепшым – дапамагчы прытулкам. Штогод старшакласнікі нашай школы наведваюць прытулак для бяздомных сабак у вёсцы Лапенкі недалёка ад г.Гродна. Дзеці купляюць для іх гатовы корм, крупы для каш, цацкі, выгульваюць іх на адкрытых пляцоўках. Буру станоўчых эмоцый набываюць вучні і жывёлы падчас такіх сустрэч.
Не забываем мы і пра зімуючых птушак. Кармушкі майструем з дрэва, фанеры, пустой пластыкавай бутэлькі ці купляем гатовыя. Усталёўваем кармушкі на дрэвах ці на асобна стаячых апорах на вышыні 1,5-2 метраў над зямлёй, каб да птушак не маглі дабрацца каты і іншыя драпежнікі. Зімуючыя птушкі з задавальненнем ядуць крупы, проса, авёс, пшаніцу, несалёныя семячкі сланечніка ці гарбуза, несалёнае сала, ягады рабіны, крылаткі клёну, кавалачкі падсушаных яблыкаў і сухафрукты. Яшчэ растопліваем сала, змешваем яго з насеннем, сфармоўваем невялікія шарыкі, замарожваем і развешваем на нітачках проста на дрэвах. Цяпер існуюць празрыстыя кармушкі на прысосках, якія мацуюцца да аконнага шкла і дазваляюць назіраць за птушкамі з кватэры. Такія кармушкі мы бачылі на вокнах некаторых кватэр нашага аграгарадка. Узімку птушкі не начуюць на вуліцы, а шукаюць сабе сховішча ў дуплах дрэў, пад дахамі хат і ў іншых месцах, дзе можна схавацца ад холаду. Невялікія хаткі-шпакоўні прымацаваны да дрэў у нашай школьнай алеі. Птушкі з задавальненнем прылятаюць у іх сагрэцца.
У кожнага з нас ёсць хатні любімец – кот ці сабака. Мы вельмі любім бавіць з ім свой вольны час. Якім бы ні быў наш любімец, яму так ці інакш трэба надаваць час. Сабаку неабходна выгульваць, ката рэгулярна выносіць на вуліцу не трэба. Але ён больш мае патрэбу ў штодзённых ласках. Кот сам сочыць за сваёй гігіенай: рэгулярна мыецца і вылізвае сябе. А сабакі так рабіць не ўмеюць. Мы самі вычэсваем іх з дапамогай спецыялізаваных шчотак ці грабянёў, купаем з шампунямі і кандыцыянерам для жывёл. Узімку на вуліцы імкнёмся не перагружаць любімца актыўнымі гульнямі, выбіраем варыянты спакойнага шпацыру. Перад выхадам на вуліцу, ў дажджлівае і халоднае надвор’е, апранаем яго ў зімовы камбінезон. Узімку імкнёмся не стрыгчы сабак: доўгая поўсць лепш сагрэе ў мароз; часта не купаем: поўсць можа страціць ахоўныя ўласцівасці. Для абароны лап ад халадоў і хімікатаў, якімі пасыпаюць дарогі, апранаем на ногі любімца чаравічкі-мяшэчкі са шчыльнай тканіны – набыты, ці пашыты ўласнаручна, сабачы абутак. Пасля вуліцы абавязкова прамываем лапы цёплай вадой і старанна выціраем свайго любімца, забяспечваем яму цёплае месца для адпачынку і добрае харчаванне. Лепшы спосаб добрага настрою гадаванца — гэта ўвага і клопат пра яго: гульня з ім дома ці на вуліцы, любімы яго ласунак, новая цацка, сумеснае баўленне часу.
Класная гадзіна “Зімовыя з’явы і звычкі зімуючых птушак і звяроў Беларусі” адбылася ўжо пасля навагодніх святаў і зімовых канікул. Цікавыя факты пра надвор’е, прыродныя з’явы, жывёл, якія спяць зімой, пра якія паведаміла любімая газета “Зорька”, нас вельмі ўразілі. Аб некаторых фактах мы ўжо чыталі, ці расказвала настаўніца ў школе, але аб большасці з іх даведаліся ўпершыню. Было вельмі цікава і пазнавальна!
З вялікай цікавасцю разгадвалі філворд. Слова з літар, якія засталіся, склалі даволі хутка – АРКТИКА.
Дзякуй, любімая газета, за цікавы і пазнавальны матэрыял для класных гадзін, які ты друкуеш на сваіх старонках. Кожная пятніца для нас як свята: апошні дзень вучэбнага тыдня і сустрэча з тваім чарговым нумарам!
Вучні 3-га класа і
Ганна Сяргееўна ГВАЗДОЎСКАЯ.
Гродзенскі раён, Свіслацкая школа.