Беларуская культура – адна з самых старажытных еўрапейскіх культур. Кожная беларуская вёска, мястэчка адметныя сваімі культурнымі традыцыямі. Аграгарадок Сялец Мсціслаўскага раёна – не выключэнне. Традыцыі і звычаі сяльчане захавалі і старанна перадаюць з пакалення ў пакаленне.
Традыцыі нашай вёскі сваімі каранямі сыходзяць далёка ў мінулае. Тут цесна пераплятаюцца паганства старажытных продкаў з хрысціянскімі вераваннямі. Мы даведаліся аб сямейна-абрадавых аўтэнтычных традыцыях пры правядзенні трэцяга дня вяселля – Перазовы або Мацьба гароху, абрадам хрэсьбін, з абавязковым цяганнем на баране хроснай бабы ў краму, наладжваннем памінак і абрадам правядзення памінальнага застолля, памінальным жалобным фальклорам. З вялікай цікавасцю адносімся і да вывучэння каляндарна-абрадавай спадчыны нашых землякоў. Летам 2022 года было праведзена абрадавае свята «Кароценька ночка купальская…», дзе моладзь наладжвала гульні і карагоды, старэйшае пакаленне спявала купальскія песні, разам спальвалі летнюю ляльку Марэну і жадалі адзін аднаму шчаслівага жыцця на доўгія лета.
Першыя студзеньскія дні 2023 года – паляцелі па вёсцы шчадроўскія і калядныя песні. З сучаснымі і аўтэнтычнымі напевамі хадзіла пераапранутая моладзь, вадзіла за сабою Казу і Зорканошу, Цыгана, Каня, Мядзведзя і іншых калядных істот. Аднавяскоўцы з радасцю чакалі калядоўшыкаў, чулі віншаванні і найлепшыя пажаданні ў новым годзе, шчодра частавалі Каляду.
Мы – багатыя людзі. Усё, што засталося нам у спадчыну, выклікае вялікае захапленне ў нашых суседзяў. Нельга ні на хвіліну забывацца на каштоўнасць таго, што ёсць у нашых руках – гэта наша гістарычная спадчына. Мы павінны захоўваць культурную спадчыну малой радзімы, свайго народа – гэта з’яўляецца вялікай каштоўнасцю ўсяго чалавецтва. Яна павінна жыць: жыць дзённа, вечна.
Сваім абавязкам лічым вывучэнне гістарычнай спадчыны нашай малой радзімы, дзе нам пашчасціла нарадзіцца і жыць. Бо Айчына з’яўляецца адной з галоўных святыняў у жыцці чалавека. Наш народ цаною жыцця ахоўваў свае хаты, гаспадарку, гарады і вёскі, помнікі культуры, захоўваў песні, праводзіў святы. І мы не можам, не маем ніякага права, забыцца на ўсё гэта.
Святлана Сямёнаўна ІВАНОВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры.
Мсціслаўскі раён,
Сялецкая школа.