Канстытуцыя – фундамент права

Из нашей почты Новости

У Жукоўшчынскай базавай  школе  стала  ўжо добрай традыцыяй у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь праводзіць мерапрыемствы, на якіх ідзе размова аб дзяржаве, яе законах, правах і абавязках грамадзяніна, сімволіцы Рэспублікі Беларусь. Не стаў выключэннем і сёлетні навучальны год.

Так, вучні 5-9 класаў прынялі ўдзел у інтэрактыўнай пляцоўцы “Канстытуцыя – фундамент права”, якая праходзіла ў школьным музеі.  Кіраўнік музея Шаркут Людміла Іосіфаўна пазнаёміла вучняў з Канстытуцыяй як Асноўным Законам, яе структурай, асноўнымі раздзеламі  і артыкуламі, правамі і абавязкамі грамадзян. Навучэнцы зрабілі невялікі экскурс у гісторыю стварэння Канстытуцыі, прайшліся па самых галоўных пунктах, якія вызначаюць паняцце «Грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Прыйшлі да высновы, што гэтыя тры словы сведчаць аб тым, што ёсць на зямлі такая нацыя — беларусы, што ў яе ёсць свая дзяржава, свая шматвяковая гісторыя і культура, свая самабытнасць і непаўторнасць. Выказалі ўпэўненасць, што нашым грамадзянам уласцівыя любоў да Радзімы, клопат пра яе росквіт, адказнасць за яе лёс, а іх жыццё, свабода, правы надзейна абаронены роднай краінай.

Асабліва ўрачыстым гэты дзень быў для навучэнцаў 8 класа, якім споўнілася 14 гадоў: яны атрымалі падарункавае выданне Прэзідэнта А. Р. Лукашэнкі  “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. Яркія і маляўнічыя кнігі ўтрымліваюць мноства карыснай інфармацыі, якая дакладна спатрэбіцца юным грамадзянам краіны, якія стаяць на парозе свайго самастойнага жыцця. Пасля  атрымання  падарункавага выдання васьмікласнікі прынялі клятву на вернасць Рэспубліцы Беларусь. Яны выказалі свае меркаванні, што быць грамадзянінам Беларусі — гэта вялікае шчасце, высокі гонар. Дзе б ні быў беларус — на сваёй зямлі ці далёка за яе межамі, ён ганарыцца прыналежнасцю да сваёй краіны.

Марына Вацлаваўна АНТАНОВІЧ,

класны кіраўнік 6 класа.                                                            

Дятлаўскі раён,

Жукаўшчынская базавая школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *