Што такое маляванка? Вядома, што не многія беларусы ведаюць адказ на гэта пытанне. Але многія, напэўна, памятаюць размаляваныя дываны, якія ўпрыгожвалі сцены хатак нашых бабуль. Яскравыя кветкі, дзівосныя жывёлы і птушкі, знакамітыя залатыя алені і дзяўчынка з чырвоным капелюшом у многіх беларусаў асацыіруюцца з інтэр’ерам бабулінага дома. Прыгожы дыван вешалі часта каля ложка. І кожны раз, перад сном, калі думкі перапаўняюць падзеямі пройдзенага дня, і сон зусім не спяшаецца, адзіным заняткам было разгляданне цудадзейных узораў на размаляваным дыване. І часу хапала, каб ніадна, нават самая дробезь, не прайшла міма памяці маленькага дзіцяці, які прыехаў на лета да сваёй бабулі. На жаль такія дываны далёка засталіся ў мінулым. І мала хто ведае, што маляванка – гэта ўнікальны від беларускай народнай творчасці. Гэты накірунак мала каму вядомы, нават у самой Беларусі, таму што праіснаваў зусім мала. Прыкладна з 1920 да 1960 гг. гэты жанр імкліва развіваўся і быў незвычайна папулярны ў вёсках па ўсёй Беларусі, а затым гэтак жа імкліва пайшоў на спад і быў практычна забыты. Прычынай таму паслужыла імклівае развіццё прамысловасці і масавая вытворчасць тавараў народнага спажывання. Фабрычныя дываны практычна імгненна выцеснілі дываны, распісаныя ўручную мясцовымі мастакамі-самавучкамі.
Галоўная каштоўнасць маляванак – іх прастата выканання, яркія фарбы, наіўныя, казачныя сюжэты. Менавіта гэтыя асаблівасці натхнілі педагогаў дзіцячага садка № 37 г. Ліды паспрабаваць выкарыстаць маляванкі ў адукацыйным працэссе з дзецьмі дашкольнага ўзросту. Першай перашкодай на іх шляху стала тое, што гэта практычна страчаны напрамак народнай творчасці і звестак пра яго, а тым больш практычнага матэрыяла для выкарыстання ў рабоце, амаль няма. Творчай групай педагогаў дзіцячага садка быў распрацаваны адукацыйны праект “Вобраз беларускай маляванкі”, ўдзельнікамі якога сталі выхаванцы старэйшых груп, педагагічныя работнікі і бацькі. На працягу трох месяцаў яны старанна па крупінках збіралі звесткі пра паходжанне маляванак, праглядалі відэарэпартажы аб мастаках, працуючых у дадзеным накірунку, вывучалі віды маляванак, асаблівасці сюжэтаў і тэхналогію стварэння. Так з выхаванцамі старэйшых груп былі праведзены тэматычныя заняткі пад назвай “Кветкі маляванкі”, «Жывыя вобразы маляванкі», “Маляваны дыванок”. Юныя даследчыкі знаёміліся з маляванкамі і падчас пазнавальнай практычнай дзейнасці на тэму: “Як стварыць “маляванку” без фарбаў?”, “Як бульба і яблык могуць дапамагчы ў стварэнні “маляванак”?”, “Чым адрозніваецца “маляванка” ад “макаткі”?”, “Параўнанне “маляванага дывана” з сучасным”. Вядома, што лепшым памочнікам у знаёмстве з новым матэрыялам для дашкольнікаў з’яўляецца гульня. Дыдактычныя гульні “Складзі маляванку”, “Хто хутчэй знойдзе і назаве расліны на маляванцы”, “Упрыгож дыван”, “Знайдзі ўсе валошкі (рамонкі, званочкі) на маляванцы”, “Знайдзі маляванку”, “Мастацкая крама”, “Музей маляванкі” дапамаглі выхаванцам замацаваць веды аб маляванках, як прадметах беларускага народнага мастацтва.
Тым часам для педагогаў з мэтай пашырэння прафесійнай кампетэнтнасці па пытаннях выкарыстання маляванак у адукацыйным працэсе з дзецьмі дашкольнага ўзросту быў арганізаваны семінар-практыкум “Эфектыўныя метады і прыёмы па азнаямленню дзяцей дашкольнага ўзросту з маляванкамі, як прадметамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі”. Перад удзельнікамі праекта стаяла задача не толькі пазнаёміцца з маляванкамі, але і паспрабаваць самастойна стварыць уласныя маляванкі. З гэтай мэтай быў арганізаваны майстар-клас па стварэнні сучасных маляванак, у якім прынялі удзел педагогі ўстановы і бацькі выхаванцаў.
Праект завяршыўся конкурсам на самую лепшую маляванку. Па яго выніках была арганізавана выстава сумесных работ дзяцей, іх бацькоў і педагогаў “Маляваны дыванок”. Пераможцы адзначаны граматамі і падзячнымі лістамі дзіцячага сада.
Удзел у рэалізацыі праекта “Вобраз беларускай маляванкі” спрыяў выкарыстанню разнастайных эфектыўных метадаў і прыёмаў па азнаямленню дзяцей з маляванкамі, як прадметамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Дзеці пазнаёміліся з асаблівасцямі маляванак, з лёгкасцю вылучаюць іх сярод іншых прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Умеюць самостойна ствараць маляванкі, выкарыстоўваючы розныя тэхнікі малявання. Бацькі праяўляюць цікавасць да прадметаў беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, актыўна ўдзельнічаюць у сумесных мерапрыемствах. Атрыманы вопыт і назапашаны практычны матэрыял будзе актыўна выкарыстоўвацца ў далейшым з мэтай далучэння дзяцей дашкольнага ўзросту да беларускай нацыянальнай культуры.
Вольга ВАРОШКА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
г. Ліда, дзіцячы сада № 37