Падарожжа па станцыях лагера “Вясенняя рапсодыя” працягваецца. 28 сакавіка, дзеці здзейснілі прыпынак на станцыі “Экскурсійная”. Іх чакала экскурсія ў навагрудскі краязнаўчы музей, наведванне навагрудскага Сястрынства і выставы. Прысвечанай памяці мітрапаліта Філарэта.
Чалавек, які не ведае сваёй гісторыі – не будзе паважаць сваіх продкаў, а значыць і традыцый, і звычаяў свайго народа. Таму мы і вырашылі дакрануцца да часцінкі гісторыі нашай Навагрудчыны, да былой славы першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага – Навагрудка. А дзе гэта можна зрабіць? Канешне, толькі ў краязнаўчым музеі.
У музеі нас сустрэлі добразычлівыя супрацоўнікі і малады абаяльны экскурсавод, з дапамогай якога дзеці перагарнулі не адну старонку гісторыі Навагрудчыны: пабывалі ў старажытным горадзе, убачылі макет маёнтка Храбтовіча, які сабраў вялікую бібліятэку; даведаліся, што ў вайне са шведамі быў падманам разбураны замак; аб подзвігу сясцёр- назарыцянак, якія ахвяравалі сваім жыццём дзеля выратавання іншых. Не мінуў генацыд і Навагрудскага края – 48 вёсак часткова раздзялілі лёс Хатыні.
А яшчэ дзеці даведаліся пра знакамітых людзей свайго края, сярод якіх фізік, хімік і матэматык Барыс Кіт. Ёсць чым ганарыцца і кім ганарыцца на нашай малой радзіме.
Далей шлях дзяцей пралёг у навагрудскае Сястрынства, дзе іх сустрэла сястра Ксенія. Яна правяла цікавую гутарку з элементамі гульні “Ці то ў садзе, ці то ў агародзе…” Дзеці прыйшлі да высновы, што ў душы кожнага чалавека растуць кветкі і пустазелле, і ад кожнага з нас залежыць, чаго болей. Дзеці абмяркоўвалі сітуацыі, спрабуючы разабрацца ў паняццях грэх і дабрачыннасць. Яны праслухалі казку “Кветачка і матылёк”, прагледзелі мультфільм “Маша перастала ляніцца”. А напрыканцы сустрэчы кожны з удзельнікаў меў магчымасць напісаць на кветачцы сваю загану і атрымаць параду, як ад яе пазбавіцца.
І завяршаючым акордам нашай экскурсійнай адысеі стала наведванне выставы, прысвечанай памяці Мітрапаліта Філарэта.
Дзеці праз фотаздымкі мелі магчымасць дакрануцца да жыцця гэтага дзіўнага чалавека са светлай душой, думкамі і ўчынкамі, які ўсё сваё жыццё аддаў служэнню Богу, Царкве і людзям.
Пад моцным уражаннем ад убачанага і пачутага дзеці вярталіся ў аздараўленчы лагер. Кожны думаў аб сваім…
Маряна Пятроўна МАКРУШЫЧ,
Дырэктар лагера.
Навагрудскі раён, Пятрэвічская школа.