Пад такой назвай прайшла класная гадзіна ў нашым класе. Спачатку пазнаёміліся, дзякуючы табе, любімая газета, з незнаёмымі для нас прафесіямі: прыбіральшчык айсбергаў, пераварочвальшчык пінгвінаў, сырны слухач, герпетолаг, эксперт па вызначэнні полу куранятаў.
Цікава, што і нашы бацькі пра такія прафесіі пачулі ад нас упершыню. Наш выдатнік Ілья Саўчык любіць здзіўляць незвычайнымі паведамленнямі з Інтэрнэту. Вось і на гэты раз ён падрыхтаваў і паказаў нам цікавую прэзентацыю «Незвычайныя прафесіі свету» пра надзвычай цікавыя і неверагодныя заняткі людзей: прафесійны абдымальшчык, судовы мастак, лега-скульптар, дэгустатар кармоў для жывёл, трамбавальшчык у мятро, тэстыравальнік матрацаў, прадавец слёз, стояльшчык у чарзе, разраўноўвальшчык маршчын абутку. Мы былі вельмі ўраджаны пачутым і, нават, не хавалі слёз ад смеху.
Потым мы разгадалі філворд, а з літар, якія засталіся, склалі слова-пароль: иммунолог. Аб тым, хто гэта такі, паведаміла нам наша настаўніца Ірына Аляксандраўна Лаўцэвіч. Гэта – спецыяліст, які займаецца дыягностыкай і лячэннем захворванняў звязаных з імуннай сістэмай чалавека. Ён дапамагае прадухіляць захворванні, якія могуць пашкодзіць імунную сістэму, дапамагае пацыентам аднавіць і падтрымліваць здароўе імуннай сістэмы, рэкамендуе меры па ўмацаванні імунітэту, такія як правільнае харчаванне, рэгулярныя фізічныя практыкаванні, выкананне рэжыму дня. Ён таксама можа парэкамендаваць прывіўкі ад інфекцыйных захворванняў, каб паменшыць рызыку развіцця інфекцыйных захворванняў, якія могуць пашкодзіць імунную сістэму.
Далей мы расказвалі пра прафесіі нашых мам і тат. Сярод іх ёсць будаўнік, слесар па рамонту сельска гаспадарчай тэхнікі, палявод, вадзіцель аўтобуса, аператар малочна-таварнай фермы, лабарант мясцовай амбулаторыі, машыніст К-9, электрык, санітарка ФАПа, пажарнік, выхавацель дзіцячага саду, аграном, цялятніца, прадавец, птушніца, стораж. Многія з нас наведвалі працоўныя месцы бацькоў, нават дапамагалі ім.
Вельмі цікава, з неверагоднай усмешкай на твары, пра маму Надзею Віктараўну Мастыкіну, выхавальніка дзіцячага саду, расказала дачка Аня. Яна часта наведвае дзіцячы сад, гуляе з дзецьмі ў рухомыя гульні на свежам паветры, чытае ім казкі, вучыць ляпіць з пластыліну розныя фігуркі.
Тату Цімафея, пажарніка Паўла Сяргеевіча Мастыкіна, ведае кожны вучань школы. Ён часты госць у школе: праводзіць супрацьпажарныя гутаркі з дзецьмі, паказвае фільмы прафілактычнай тэматыкі, арганізуе экскурсіі ў мясцовае пажарнае аддзяленне, дазваляе прымяраць рабочае абмундзіраванне.
Тата Ільі, галоўны аграном СВК «Свіслач» Сяргей Міхайлавіч Саўчык, карыстаецца павагай сярод спецыялістаў, кіраўніка гаспадаркі, аднавяскоўцаў. Яго запрашаюць у школу ў якасці журы на асенні кірмаш, як лектара на дні інфарміравання, на спартыўныя мерапрыемствы ў складзе каманды ад СВК «Свіслач».
Расказы кожнага вучня былі змястоўныя, поўныя любві, павагі і гонару за маму ці тату. Алёша Даражэй прынёс памятны медаль таты Паўла Аляксандравіча за добрасумденную працу, Вікторыя Пенталь – ганаровыя граматы таты Валерыя Валер’янавіча (электрыка), Кашубовіч Анжэла — ганаровую грамату мамы Галіны Аляксандраўны (цялятніцы) і таты Андрэя Рышардавіча (слесара).
Аб прадаўжэнні сямейнай дынастыі сур’ёзна яшчэ ніхто з нас не думаў. Мы ж толькі ў 3-м класе! А вось праверыць сябе на адпаведнасць той ці іншай схільнасці жадаў кожны. З вялікай цікавасцю, сур’ёзнасцю і праўдзівасцю стараліся адказваць на пытанні тэста «Падказкі для важнага рашэння». Вынікі атрымаліся наступныя: 3 медыцынскія работнікі (80–100 балаў), 4 педагогі, юрысты ці бухгалтары (45–79 балаў), 5 спартсменаў ці прадпрымальнікаў (0–44 балы). Вядома ж, гэта толькі тэст, у сапраўднасці ўсё намнога складаней!
Будуць ісці гады, будуць змяняцца нашы мары і схільнасці, будуць змяняцца запыты грамацкасці. Але вельмі хочацца, каб мы не згубілі сябе ў моры прафесій, выраслі і сталі патрэбнымі людзьмі, каб кожным з нас адчуваў сябе задаволеным сваёй працай.
Вучні 3-га класа і
Ганна Сяргееўна ГВАЗДОЎСКАЯ,
Гродзенскі раён, Свіслацкая школа.