Дарагая сэрцу малая радзіма

Из нашей почты Новости

Штогод з 2012 годаў ліпені на Бераставіччыне ў аграгарадку Вялікія Эйсманты праводзіцца раённы адкрыты фестываль нацыянальнай культуры і побыту «Эйсмантаўскі фэст».

Свята збірае ўсіх, каму цікава гістрыя, культура, багатая нацыянальная спадчына людзей, якія жывуць у рэгіоне. Мэта правядзення фестывалю – умацаванне сяброўскіх адносін паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей, што жывуць на эйсмантаўскай зямлі.

«Мая маленькая радзіма, заўседы сэрцам я з табой. І ні адно з сусветных дзіваў не затуманіць вобраз твой», – якія шчырыя і ёмкія словы Людмілы Кебіч-Вайтулевіч… Цікава, што паўстала перад вачыма кожнага, хто прачытаў гэтыя радкі? Пасаджаная некалі дзяўчанем бярозка каля веснічак? Неадкрытае, неспраўджанае першае каханне? Салаўі, што будзілі ранак ў чаромхавай засені?  Чырвоны круг сонца, які пяшчотна казытаў сваімі цёплымі промнямі, будзячы золкім ранкам? Сенажаць з непаўторным водарам толькі што апалай травы? Пах матуліных аладак раніцай? У кожнага яна свая, непаўторная малая радзіма…

Усе мы родам з дзяцінства. А школа – гэта калыска, ў якой гадуюцца нашы дзеці. І мне, разам з маімі калегамі-настаўнікамі, пашчасціла гадаваць дзяцей, вучыць, выхоўваць, песціць і аберагаць, а потым адпускаць іх у вялікі свет. Яны вяртаюцца, нашы дзеці, сюды – у родныя вёсачкі, дарагія сэрцу куточкі эйсмантаўскай зямлі. Таму што заўсёды побач настальгія. Яна наводзіць на роздум пра бег часу, падштурхоўвае, хаця б у думках, мінаваць не адзін дзесятак кіламетраў, каб зноў апынуцца на малой радзіме, абняць бацькоў, убачыць радасць сустрэчы ў іх вачах і адчуць, як душу агортвае спакой і лёгкасць.

Традыцыйна ў падрыхтоўцы і правядзенні «Эйсмантаўскага фэсту» актыўна удзельнічаюць усе установы нашага мікрараёна. Сёлетні фестываль праходзіў пад дэвізам: «Людзі – асноўнае багацце зямлі беларускай». У гэты дзень увага была прыцягнута да людзей, якія сваёй штодзённай працай паказваюць сваю любоў да роднага краю і пяшчоту да яго жыхароў. Удзельнікі, у тым ліку і вучні Вялікаэйсмантаўскай школы, з надхненнем дэкламавалі вершы, спявалі песні, выконвалі танцы. Наш фестываль – сапраўдная ярмарка талентаў. У дзень свята да нас ў Вялікія Эйсманты прыязджаюць народныя майстры з ўсёй Гродзеншчыны. Дзеці і дарослыя мелі магчамасць пабываць ў Горадзе майстроў, дакрануцца да рукатворных вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Мясцовае кулінарнае майстэрства можна было ацаніць у час традыцыйных пачастункаў смачнай салодкай выпечкай мясцовых гаспадынь. Фестываль штогод ажыўляе аграгарадок, напаўняе яго музыкай і вясялосцю.

…Такімі доўгімі ў маленстве здаваліся дні, а яны праляцелі імгненна. Зараз нам, ужо дарослым, застаецца гартаць старонкі мінулага, усміхацца дзяцінству і юнацтву, рабіць вывады, дзякаваць лёсу за міласць, магчымасць вяртацца ў бацькоўскі дом, адчуваць любоў і клопат блізкіх, які льецца на нас з нябёс. Мы, педагогі Вялікаэйсмантаўскай школы, ўпэўнены, што яшчэ многія гады нашым землякам будзе хапаць натхнення і сіл на ажыццяўленне шматлікіх планаў і надзей, на ўсе добрыя ўчынкі! Мы дзякуем ім за працавітасць, жыццёвую мудрасць і душэўную шчодрасць, шанаванне гісторыі роднага краю і свайго роду, уменне ахвяраваць асабістымі інтарэсамі дзеля іншых.

Галіна Аляксееўна МАКЕДОН,

дырэктар,

Бераставіцкі раён, Вялікаэйсмантаўская школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *