Цікавы мір жыцця ў фарбах

Из нашей почты Новости

Вучні 6-га «А» і 6-га «Г» класаў гімназіі № 3 г. Магілёва наведалі філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь «Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў г. Магілёве».

Добрай традыцыяй Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь з’яўляецца прадстаўленне найбольш яркіх і паспяховых выставачных праектаў, якія прайшлі ў музеі, у сваім філіяле – Музеі В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў г. Магілёве. Не выключэннем стала і выстава «Калі мы былі дзецьмі».

У экспазіцыі прадстаўлена звыш 70 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фатаграфіі беларускіх майстроў XX–XXI стагоддзяў і адзін твор рускага мастака-графіка XX стагоддзя Яўгена Кацмана са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Выставачны праект «Калі мы былі дзецьмі» ілюструе ранняе жыццё чалавека – ад нараджэння да паўналецця – з дапамогай красамоўных вобразаў, тую бясконцую радасць, любоў, надзею, даверлівасць, хараство, гуллівасць, летуценнасць, уласцівыя адчуванню шчаслівага дзяцінства.

Беларускія майстры ХХ–XXI стагоддзяў у сваіх творах адлюстравалі асабіста перажыты вопыт дзяцінства і дэманструюць уяўленне пра дзяцінства эпохі, калі яны жылі і стваралі і дзе праходзіла дзяцінства ўжо іх дзяцей. Гэта той свет рэчаў, гукаў, імёнаў, падзей, які сфарміраваў светапогляд некалькіх пакаленняў.

Вучні даведаліся, што тэматычная выстава ахоплівае перыяд з пачатку ХХ стагоддзя па першую чвэрць XXI стагоддзя – ад жывапіснага партрэта Юдэля Пэна 1903 года да скульптурнай кампазіцыі Вольгі Орсік 2019 года, ад фарфоравай статуэткі Міхаіла Бяляева 1963 года да фатаграфічных серый Вадзіма Качана 1980-х гадоў, у асноўным ствараючы вобраз савецкага дзяцінства 1950–1960-х гадоў.

Гімназістаў вельмі ўразілі карціны: даведаліся пра жыццё іх бабуль і дзядуль у савецкі час, здзівіла тое, што толькі холст без рамкі можа важыць ад двух кілаграмаў з нанесенымі мазкамі фарбаў у залежнасці ад памеру самога халста, пільна ўглядаліся ў саму тэхніку напісання карцін. І гэта зацікавіла не толькі вучняў, якія наведваюць заняткі ў мастацкіх школах, але і тых, хто зусім не цікавіўся такім відам мастацва.

Дзякуй за другі і цікавы мір жыцця ў фарбах!

Святлана Вячаславаўна ЦЫХОЎСКАЯ,

рэдактар «Гімназічнага весніка»,

г. Магілёў, гімназія № 3.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *