Весела, цікава, займальна, пазнавальна, а галоўнае, з карысцю бавілі час вучні Жукоўшчынскай базавай школы ў школьным аздараўленчым лагеры «Сонейка».
Кожны дзень у лагеры быў насычаны цікавымі мерапрыемствамі: калектыўныя творчыя справы, квэст-гульні, пазнавальныя экскурсіі, ТіkTok чэленджы, конкурсы творчых робот, гульнявыя і забаўляльныя праграмы. Адным словам, сумаваць не прыходзілася!
Асабліва запамінальным стаў Дзень новых адкрыццяў, які пачаўся ў музеі школы № 1 г. Дзятлава. Вучні пазнаёміліся з інтэр’ерам вясковай хаты другой паловы XX стагоддзя, мелі магчымасць убачыць убранства «чырвонага кута», паслухаць пра магічныя ўласцівасці печы ў хаце, разгледзець прадметы вугалкоў гаспадара і гаспадыні. Асабліва зацікавіла вучняў калекцыя акамянеласцяў, знойдзеная на тэрыторыі раёна вучнем 8-га класа Аляксеем Каско.
Знаёмства з новымі адкрыццямі працягнулася ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, дзе прайшла экскурсія па пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 г. Дзятлава. Ратавальнікі паказалі каравульныя памяшканні, цэнтр аператыўнага ўпраўлення аддзела, памяшканне для адпачынку. Прадэманстравалі пажарна-выратавальнае абсталяванне, расказалі, як працуюць і чым абсталяваны пажарныя машыны, прапанавалі прымераць баявую вопратку і адчуць сябе ў ролі ратавальнікаў. Хлопчыкі і дзяшчынкі атрымалі адказы на ўсе пытанні, якія іх цікавілі, і прыйшлі да высновы, што праца ратавальніка вельмі складаная і небяспечная.
Самай запамінальнай стала экскурсія ў музей «Дзеці ліхалецця» Наваельнянскай сярэдняй школы. З вялікім хваляваннем наведвальнікі слухалі пра трагічны лёс дзяцей палітычных эмігрантаў, якія былі прывезены на адпачынак ў Міжнародны інтэрнацыянальны піянерскі лагер пры санаторыі «Наваельня» ў чэрвені 1941 года перад самым пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, пра тыя злачынсты, якія чынілі фашысты на тэрыторыі нашага раёна. Асабліва вучні былі ўражаны тым, што ў кожнага фашыста была памятка, дзе гаварылася аб тым, што ён не павінен нікога шкадаваць, а павінен толькі забіваць усіх, каго сустрэне на сваім шляху: дарослых, пажылых людзей, дзяцей. Кожны яшчэ раз усвядоміў для сябе, якія жахі нясе чалавецтву вайна, і што нельга дапусціць, каб на нашай шматпакутнай беларускай зямлі зноў паўтарыліся такія трагічныя падзеі.
Марына Вацлаваўна АНТАНОВІЧ,
выхавальнік лагера «Сонейка»,
Дзятлаўскі раён, Жукоўшчынская базавая школа.