Сваю чарговую вандроўку па малой радзіме вучні 9-га і 11-га класаў лідскай школы № 11 здзейснілі падчас зімовых канікул.
На гэты раз маршрут пралёг у вёску Ганчары Лідскага раёна. Калі хтосьці падумае, што юныя турысты паехалі знаёміцца з ганчарным рамяством, то крышку памыліцца, таму што ў Ганчарах, на жаль, пакуль не адрадзілі ганчарства. Але тое, што ўбачылі і ў чым паўдзельнічалі юнакі і дзяўчаты, было не менш цікавым, а наадварот, пазнавальным і вельмі ўражлівым.
У мінулым годзе на базе Ганчарскага дома культуры была адкрыта творчая майстэрня «Калі да лёну з паклонам – добра аддзячыць лён». Менавіта творчую майстэрню і наведалі школьнікі.
Як расказала на пачатку экскурсіі вучням, гаспадыня майстэрні Ганна Мікалаеўна, у Ганчарскім доме культуры не выпадкова адрадзілі ўнікальную тэхніку ручной апрацоўкі лёну. На тэрыторыі сельсавета працуе ўчастак прадпрыемства «Карэлічы-лён», таму лёс многіх мясцовых жыхароў звязаны з перапрацоўкай гэтай культуры, якую ў Беларусі яшчэ называюць «золатам беларускіх палёў».
Творчая майстэрня ўяўляе сабой тры экспазіцыі. Знаёмячыся з першай экспазіцыяй юныя турысты даведаліся пра тое, што такое лён, для чаго яго выкарыстоўвалі нашы продкі, пра традыцыі, павер’і і старадаўнія абрады, звязаныя з гэтай надзвычай важнай для беларусаў раслінай.
А вось другая экспазіцыя не толькі пазнаёміла наведвальнікаў з усімі працэсамі ручной апрацоўкі лёну, а і непасрэдна дала магчымасць кожнаму жадаючаму паўдзельнічаць і папрацаваць нязвыклымі для нашага часу прыладамі працы, адчуць, наколькі гэты працэс быў марудны і цяжкі.
Трэцяя экспазіцыя расказала школьнікам пра сучасную перапрацоўку лёну на заводзе «Карэлічы-лён». Размова ішла менавіта аб тым, што і як рабілі з лёну раней і робяць ў нашыя дні на прадпрыемстве ў суседняй з Ганчарамі вёсцы Даржы.
Дзіўным для навучэнцаў стала і тое, што з дабаўленнем лёну можна прыгатаваць смачныя стравы: кісель, хлеб, вараную бульбу з ільняной прыправай, аб чым яны і пераканаліся падчас дэгустацыі. Стравы сапраўды прыйшліся ўсім даспадобы.
Знаёмства з «золатам беларускіх палёў» працягнулася ў творчых майстэрнях, дзе кожны юны турыст сваімі рукамі стварыў «ляльку-абярэг», а затым гаспадыня майстэрні запрасіла гасцей на сапраўдныя беларускія танцы, дзе юнакі і дзяўчаты развучвалі рухі беларускага народнага танца «На рэчаньцы», а затым спрытна прывялі ўсё ў дзеяне.
Экскурсія нікога не пакінула абыякавым. Кожны наведвальнік змог не толькі атрымаць уяўленне аб такой расліне, як лён, але і дакрануцца да часцінкі беларускай культуры, даведацца шмат цікавага і карыснага падчас дэгустацыі кулінарных страў. А яшчэ вучні адчулі, якая добразычлівая і ўтульная атмасфера пануе ў Ганчарскім доме культуры. Усё гэта падказала нам, што людзі, якія працуюць тут, з вялікай любоўю і павагай адносяцца да гісторыі роднага краю, да людзей-працаўнікоў, да сваёй справы.
Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік11-га класа,
г. Ліда, школа № 11,