На зімовых канікулах вучні Сыраваткінскай базавай школы наведаліся з экскурсіяй у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік “Вязынка”. Менавіта тут, у колішнім маёнтку Вязынка, у 1882 годзе нарадзіўся Іван Дамінікавіч Луцэвіч, будучы народны паэт Беларусі Янка Купала.
Пераступіўшы парог хаты, адразу адчулі атмасферу даўняга побыту: драўляныя сцены, печ з засушанымі травамі, тканыя дываны, калыска, гліняны посуд. Мы з вучнямі ўважліва слухалі аповед экскурсавода аб сям’і Луцэвічаў і вялікім жаданні маленькага Янкі вучыцца. У пакоі, дзе жыла сям’я паэта, і сенцах узноўлены тагачасны інтэр’ер. Хлопчыкі і дзяўчынкі разглядвалі фотаздымкі і мелі магчымасць прачытаць рукапісы Янкі Купалы. З вялікім задавальненнем слухалі вершы паэта, якія нам чытала экскурсавод.
У наш час да дня нараджэння паэта на тэрыторыі запаведніка праводзяцца рэспубліканскія святы паэзіі, песні і народных рамёстваў, праходзяць злёты студэнтаў-філолагаў БДУ.
Вандроўка на малую радзіму вялікага паэта нікога не аставіла раўнадушным – кожны змог дакрануцца да гісторыі сваёй Радзімы.
Людміла Лявонаўна РАМАНОЎСКАЯ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры,
Смаргонскі раёна, Сыраваткінская базавая школа.