Дзень беларускай мовы

Из нашей почты Новости

Нетрадыцыйна прайшоў традыцыйны для лютага дзень беларускай мовы. Кожны з нас меў магчымасць прадэманстраваць свае здольнасці і ўменні не толькі на вучнёўскай ніве, але і ў прыгатаванні найцікавейшых беларускіх нацыянальных страў.

Пасадзейнічала гэтаму свята «Гастрафэст па-беларуску», у якім прынялі ўдзел вучні ўсіх класаў разам са сваімі бацькамі і сваякамі, што дало магчымасць лішні раз правесці вольны час з роднымі людзьмі.

І як вынік – на накрытым абрусам стале з’явіліся «Заваркі з бульбы», «Кнышы», бутэрброды «Хмарачосы», грачанікі, піражкі з капустай і каўбаскай «Смакуны», піражкі з рысам «Пальчыкі абліжаш», наліснікі «Пачастунак», усе віды дранікаў са смятанай і нават бульба са шкваркамі, пірог «Белы снег», кексы, тварожныя шарыкі «Дзьмухаўцы» і «Салодкая радасць», мядовае пячэнне. А яшчэ агурочкі, капустачка з брусніцамі, грыбочкі марынованыя – усе, без чаго не абыходзіцца зімняе святочнае застолле. Смаката, адным словам!

Кожны клас адказна і крэатыўна падышоў да прэзентацый страў на роднай мове: гучалі вершы і проза пра любімы ласунак, уключаліся і гістарычныя даведкі, але нязменна гучала толькі адно – прапанова пакаштаваць паважанаму спадарству  страву, прыгатаваную ўласнымі рукамі.

Пасля нас чакала самае прыемнае – дэгустацыя! З абавязковым пажаданнем: «Смачна есці!». Пасля адкрытага галасавання высветлілася, што кожны клас атрымаў заслужаную ўзнагароду. Такіх вынікаў не было бы без нашых дарагіх мамачак і бабулечак! Дзякум вам за вашыя залатыя ручкі і цярпенне! Здароўя вам, любімыя нашы!

Іван МАРОЗ,

вучань 7-га класа,

Полацкі раён,

Зялёнкаўская базавая школа імя Т. С. Марыненка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *